Адрас райвыканкама: 211921, г.п.Шаркаўшчына, вул.Камсамольская, 15
Тэлефон прыёмнай: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёна

У Віцебску адкрылася выстава беларускіх мастакоў да стагоддзя УНОВІСа

22.10.2020

Творчае аб'яднанне мастакоў m'ART падрыхтавала выставу "Пранікненне ў эпоху" да стагоддзя УНОВІСа, паведамілі БЕЛТА ў Арт-цэнтры Марка Шагала.

Юбілейны год УНОВІСа стаў багатым на выставы і падзеі. Творчае аб'яднанне мастакоў m'ART вырашыла далучыцца да святкавання, прапанаваўшы сваё бачанне культавай даты. "Мастакі імкнуцца пранікнуць у эпоху УНОВІС без імітацыі супрэматычнай стылістыкі, не страціўшы свайго адметнага стылю і светаўспрымання сучаснага мастака, які трапіў у іншую гістарычную эпоху. Быць рознымі - адзін з творчых прынцыпаў групы m'ART. На выставе госці ўбачаць, як мастакі змогуць паказаць свае думкі пра эпоху эстэтычнай эканоміі, сацыяльна-культурнай утопіі і калектычную творчасць", - адзначылі ў арт-цэнтры.

Першы сумесны паказ твораў "Зімовыя сны" правялі Алег Захарэвіч, Алена Гурына і Сяргей Сотнікаў у 2006 годзе. З наступнага года да групы далучыўся Уладзімір Канцадайлаў, праз некалькі гадоў - Аляксандр Дзямідаў. Акрамя арыгінальнага складу аб'яднання, штогод у праектах m'ART удзельнічаюць розныя запрошаныя мастакі. Сёння на новай выставе да стагоддзя УНОВІСа свае творы прадставяць Васіль Васільеў і Леанід Мядзведскі.

Выстава будзе доўжыцца да 29 лістапада.