Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  

Увага і клопат пра нашых ветэранаў

08.05.2015

Вось і прыйшла самая знамянальная падзея — 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Не меркне з гадамі слаўны подзвіг нашых землякоў, якія змагаліся з ворагам за мір і свабоду. Назаўсёды застануцца ў памяці імёны салдат і партызан, падпольшчыкаў і мірных грамадзян — тых, хто аддаў сваё жыццё у імя Перамогі. Старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава з гэтай нагоды звяртаецца да жыхароў Шаркаўшчынскага раёна:
— З усіх рэспублік былога Савецкага Саюза Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне панесла самыя вялікія страты, загінуў кожны трэці яе жыхар. Амаль цалкам была знішчана прамысловасць, сельская гаспадарка. Вялікія матэрыяльныя страты нанесла вайна і нашаму раёну. З самага пачатку акупацыі ствараліся падпольныя камсамольскія арганізацыі, партызанскія атрады і брыгады. Нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі карныя аперацыі па знішчэнні мірнага насельніцтва вёсак і хутароў. Усяго за гады акупацыі гітлераўцы закатавалі, растралялі і павешалі 2.027 мірных грамадзян. На прымусовыя работы ў Германію было вывезена 1.484 чалавек. Пасля доўгачаканага вызвалення раёна ў 1944 годзе адразу быў узяты курс на аднаўленне разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Паступова раслі сацыяльна-эканамічныя паказчыкі нашага рэгіёну, з году ў год паляпшаўся дабрабыт жыхароў.
Сёння мы ўрачыста адзначаем сямідзясятую гадавіну Вялікай Перамогі. Зараз на тэрыторыі раёна пражываюць 14 удзельнікаў вайны 1941—1945 гадоў. Органы рэспубліканскай і мясцовай улад заўсёды аказваюць ім належную увагу і ўсебаковую падтрымку. Удзельнікам вайны і вязням фашысцкіх канцлагераў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выплачана матэрыяльная дапамога ў памеры 8 і 3,5 мільёна рублёў адпаведна. Кожнаму з іх уручаны юбілейныя медалі “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945г.г.”, а таксама віншавальныя пісьмы ад кіраўніка дзяржавы.
Ад імя раённага савета ветэранаў і ад сябе асабіста шчыра віншую ўсіх жыхароў нашага рэгіёна, ветэранаў вайны і працы са светлым Днём Вялікай Перамогі, жадаю моцнага здароўя, шчасця, аптымізму і мірнага неба над галавой!

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК