Главная / Новости / Новости района

22 лістапада ў Більдзюгах прайшоў адзіны дзень інфармавання і пасяджэнне Більдзюжскага сельвыканкама

23.11.2018

22 лістапада ў межах адзінага дня інфармавання насельніцтва, тэмай якога стала “Беларускі каравай — 2018: уборка ўраджаю і работа АПК Рэспублікі Беларусь”, намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі сустрэўся з педагагічным калектывам Більдзюжскай СШ. Падчас гутаркі закраналіся не толькі праблемы развіцця аграпрамысловага комплексу раёна, але і пытанні ўдасканалення сістэмы адукацыі.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Пратасьеўна Фёдарава правяла гутарку з вучнямі 10 і 11 класаў дадзенай навучальнай установы, дзе падрабязна спынілася на асноўных патрабаваннях Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

Затым адбылося чарговае пасяджэнне Більдзюжскага сельвыканкама. Першым разглядалася пытанне “Аб рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18”. З асноўным дакладам выступіла старшыня Більдзюжскага сельскага Савета Алена Генадзьеўна Чарняўская. Дапоўнілі яе дырэктар Більдзюжскай СШ Ала Уладзімірашна Якімчык і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Пратасьеўна Фёдарава.

Тэмай другога пытання стала “Работа па прадухіленні пажараў і гібелі людзей на іх, забеспячэнне пажарнай бяспекі і праца назіральнай камісіі.” Старшыня сельвыканкама Алена Генадзьеўна Чарняўская падрабязна паведаміла прысутным пра работу, якая ажыццяўляецца ў гэтым накірунку сярод насельніцтва сельскага Савета. Дапоўніў асноўнага дакладчыка начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч, які даў падрабязны аналіз прычын узнікнення пажараў. Прысутныя мелі магчымасць прагледзець у час пасяджэння дакументальную відэастужку супрацьпажарнай тэматыкі.

Вынікі пасяджэння сельвыканкама падвёў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. Па кожнаму пытанню было прынята адпаведнае рашэнне.

Сяргей РАЙЧОНАК