Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

25 ліпеня – Дзень пажарнай службы

25.07.2016

Прафесія пажарнага-выратавальніка — адна з тых, якую з упэўненасцю можна і трэба назваць гераічнай. Яна ўваходзіць у лік пяці прафесій, звязаных з максімальнай рызыкай для жыцця. Выратавальнікі першымі працягваюць пацярпелым руку дапамогі ў самай цяжкай жыццёвай сітуацыі, а іншы раз нават пры бязвыхадным становішчы. Адвага, мужнасць, гатоўнасць да самаахвяравання ў імя выратавання жыцця людзей — гэтыя якасці ўласцівы пажарным.

Ва ўсе часы, пры любых формах дзяржаўнага ладу мерам барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі надавалася першачарговае значэнне. З гісторыі вядома, што яшчэ ў перыяд уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы ў Шаркаўшчыне дзейнічала Добраахвотнае пажарнае таварыства ў складзе дзесяці чалавек. А размяшчалася яно на тэрыторыі цяперашняга кінатэатра. У 1951 годзе шаркаўшчынскія пажарныя перайшлі ў новы будынак. У той час падраздзяленне ўзначальваў Сяргей Міхайлавіч Шаблоўскі. Пры ім была атрымана першая аўтацыстэрна ГАЗ-А і іншы інвентар. З часам былі пабудаваны машынныя боксы, набываліся новыя аўтамабілі.

Вікенцій Антонавіч Русачонак працаваў у пажарнай службе з 1962 года вадзіцелем. Ён кажа, што сённяшнюю тэхніку нельга параўнаць з той, што была сорак год назад. Пачынаў ён працаваць на аўтацыстэрне ГАЗ-51, затым былі ГАЗ-66, ЗІЛ-157, ЗІЛ-130 і ЗІЛ-131. Але як бы не было цяжка, пажарныя заўсёды своечасова прыязджалі на месца ўзнікнення стыхійнага бедства.

Дваццаць шэсць год свайго жыцця аддаў службе ў пажарнай частцы і Мілецій Паўлавіч Глушонак. Яшчэ ў далёкім 1969 годзе пасля арміі ён юнаком уладкаваўся на пасаду інструктара прафілактыкі, а пасля ўжо стаў начальнікам каравула.

— Я не шкадую, што сем год назад абраў прафесію пажарнага-выратавальніка, — дзеліцца сваімі думкамі камандзір аддзялення Іван Зайцаў. — У нас няма выпадковых людзей, кожны свядома носіць форму і ў любую хвіліну прыйдзе на дапамогу, нават калі не будзе пры выкананні службовых абавязкаў. Галоўная задача пажарнага — быць там, дзе людзі чакаюць ад цябе падтрымкі і выратавання.

У гаворцы з пажарнымі-выратавальнікамі заўважаеш, што ўзаемаадносіны гэтых людзей цалкам пазбаўлены няшчырасці і недаверу адзін да другога. У іх калектыве заўсёды прысутнічаюць узаемаразуменне, падтрымка і дапамога — тое, што і павінна быць у сапраўдных прафесіяналаў, якія ў любую хвіліну заўсёды прыйдуць на дапамогу.

Сяргей РАЙЧОНАК