Главная / Новости / Новости района

Алёна Віктараўна Цярэшка з вёскі Погары адзначае 6 верасня свой юбілей

06.09.2018

У гармоніі з сабой, людзьмі і навакольным светам жыве ў вёсцы Погары Алена Віктараўна Цярэшка, якая 6 верасня адзначае свой чарговы юбілей. Яна шчыра лічыць сябе шчаслівым чалавекам, хоць яе восем дзясяткаў гадоў былі напоўнены далёка не толькі радасцю і шчасцем. А ўсё ж і сёння гэта жанчына, па словах яе родных, выпраменьвае цяпло і энергію і сваё жыццё імкнецца будаваць сама – добрымі ўчынкамі, сваім станоўчым настроем, энергіяй душы і сэрца, прыхільнымі адносінамі да людзей. А на беды і праблемы са здароўем стараецца не скардзіцца і, нягледзячы на паважаны ўзрост, з’яўляецца сапраўднай аптымісткай: у кожным дні знаходзіць сонечны прамень і падставы для радасці.

Энергічная, усмешлівая і абаяльная Алена Віктараўна сустракае гасцей на парозе ўласнага дома, якому ў гэтым годзе споўнілася 100 год. Свежа пафарбаваны, па-гаспадарску дагледжаны, яркі і самабытны вясковы дом амаль што ўвесь год патанае ў кветках і прываблівае ўвагу усіх, хто прыязджае ў невялікую вёску. Утульнасць і парадак Алена Віктараўна імкнецца падтрымліваць сама, дапамагаюць і родныя, якія часта прыязджаюць у госці. У Шаркаўшчыне пражывае дачка юбіляркі – Марыя Пятроўна Цыцына – індывідуальная прадпрымальніца, дырэктар магазіна “РОКС”.

З асаблівай цеплынёй і пяшчотай расказвае юбілярка і пра сваіх трох ужо дарослых унукаў, якімі вельмі ганарыцца. Усе яны маюць вышэйшую адукацыю. Унучка Вікторыя разам з сям’ёй пражывае ў Наваполацку, працуе ў сферы гандлю і выхоўвае пакуль што адзіную праўнучку Алены Віктараўны – Марыю. Дзяўчынцы хутка споўніцца 7 год. Косця закончыў факультэт прыкладной матэматыкі БДУ, зараз ён будуе ўласны дом у Браславе. Надзея разам з сям’ёй пражывае ў Злучаных Штатах Амерыкі. Яшчэ будучы студэнткай факультэта замежных моў дзяўчына пераехала ў Нью-Йорк, дзе і атрымала вышэйшую медыцынскую адукацыю, стала ўрачом .Гэта акалічнасць асабліва радуе менавіта бабулю, бо і сама Алена Віктараўна пасля заканчэння сямігадовай школы паспяхова здала экзамены ў медыцынскае вучылішча . Але закончыць яго, на жаль, не атрымалася: цяжка захварэла маці і дзяўчына вымушана была забраць дакументы і паехаць дадому.

Родам мая суразмоўца з суседняга Глыбоцкага раёна. У Погары дзяўчына выйшла замуж і пераехала жыць у 20-ці гадовым узросце . Разам з мужам выхавала дваіх дарослых дзяцей, але сына, на жаль, ужо няма ў жывых. Ён вырас дастойным чалавекам, прайшоў Афганістан, бацькі ім вельмі ганарыліся. Рана пайшоў з жыцця і муж.

Пэўныя праблемы са здароўем не перашкодзілі Алене Віктараўне сумленна працаваць, за яе плячамі 37 гадоў працоўнага стажу. Большасць з іх адпрацавала даяркай у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, была задзейнічана і на паляводстве. Пяць апошніх гадоў перад выхадам на пенсію працавала ў краме на даму, што ўваходзіла ў склад райспажыўтаварыства. Азіраючыся на пройдзены шлях, з вялікай удзячнасцю жанчына ўспамінае былых работнікаў спажывецкай кааперацыі раёна , побач з якімі і пад кіраўніцтвам якіх давялося працаваць. Гэта Яўгеній Фаміч Кандраценка, Мяфодзій Іванавіч Палягошка, Зоя Сяргееўна Верушэўская, Марыя Алёзеўна Шынкевіч, Паліна Мікалаеўна Гродзь і іншыя.Шэраг станоўчых эмоцый у жанчыны пакінула праца ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Асабліва той час, калі былы калгас “Свабода” ўзначальваў Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі. Шмат гадоў Алена Віктараўна адпрацавала даяркай на ферме ў вёсцы Каралева. Няпростая напружаная праца жанчыну ніколі не палохала. Яна і сёння імкнецца не сядзець на месцы, завіхаецца па гаспадарцы, даглядае агарод і кветнікі вакол дома , з дапамогай родных трымае пчол і ніколі не страчвае аптымізму.

А яшчэ Алена Віктараўна заўсёды рада гасцям,- расказвае дачка юбіляркі Марыя.-Будучы ўжо даўно на пенсіі, яна і сёння здзіўляе ўсіх родных сваімі здольнасцямі: выдатна спявае песні не толькі на рускай ці беларускай, але і на польскай мовах, любіць паэзію, аддае перавагу класічным творам, чытае па памяці вершы А. Пушкіна і многія іншыя. Менавіта мама была для мяне заўсёды прыкладам і вельмі многаму навучыла. Работа, сям’я, дзеці, гаспадарка, удзел у грамадскім жыцці сяла для яе ніколі не былі цяжарам. Дзяцей, а потым і ўнукаў юбілярка выхоўвала з клопатам і дабрынёй, прывучала іх да працы, вучыла не баяцца цяжкасцяў і сама радавалася кожнаму дню. І дзверы яе дома заўсёды шырока адчынены для ўсіх родных і сяброў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.