Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Апошні званок прагучаў для вучняў школ раёна

01.06.2020

Доўгачаканы, але асаблівы ва ўмовах сённяшніх эпідэміялагічных абставін, прагучаў 30 мая апошні званок для вучняў школ раёна. У суботу 105 навучэнцаў 11 класаў развіталіся са школай. Дзявяты клас закончылі 125 юнакоў і дзяўчат. Адны з іх прадоўжаць навучанне ў дзясятым класе, некаторыя ўжо вызначыліся з будучай прафесіяй і стануць набываць далейшую адукацыю ў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

30 мая для дваццаці выпускнікоў 11 класа сярэдняй школы № 2 стаў асаблівым днём. Адзінаццаць год праляцелі хутка і амаль незаўважна. Ужо ў мінулым засталіся настаўнікі, меншыя школьныя таварышы, вялікія і малыя адкрыцці, у мінулым засталося іх бесклапотнае дзяцінства.

— Дарагія вучні і бацькі, паважаныя настаўнікі, сёння асаблівы дзень для ўсіх вас, сёння вашы дзеці заканчваюць школу, пакідаюць парог нашай навучальнай установы, робяць крок у самастойнае жыццё, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся дырэктар школы Андрэй Іванавіч Татаровіч. — Выпускнікі нашай школы ішлі да фінішу вучобы адзінаццаць год. І вось непрыкметна закончыўся гэты час. Мы, педагогі, давалі вам грунтоўныя веды. Школа вучыла вас самаму галоўнаму — самастойнасці, дабрыні і спагадзе. Ад шчырага сэрца жадаю каб вы са ста дарог выбралі адну — правільную, ад якой будзе залежыць ваша далейшае жыццё. Заўсёды ўпэўненым крокам ідзіце толькі наперад, дасягайце новых вышынь і перамог. Памятайце, што дзверы нашай школы заўсёды адкрытыя для вас. Усе вы, дарагія выпускнікі, тут жаданыя госці. У добры шлях!

Затым Андрэй Іванавіч ва ўрачыстай атмасферы ўручыў граматы лепшым вучням школы за выдатную вучобу, узорныя паводзіны, за перамогу ў спартыўных спаборніцтвах і разнастайных творчых конкурсах.

Кульмінацыйным момантам мерапрыемства стаў апошні званок, які сваім пералівістым гучаннем абвясціў пра заканчэнне навучальнага года. А далі яго вучаніца 11 класа Ульяна Грыдзюшка і яе малодшая сястра, вучаніца 1 класа Альбіна.

Наперадзе летнія канікулы — час новых знаёмстваў, адпачынку і падарожжаў для школьнікаў. А выпускнікоў пасля здачы дзяржаўных экзаменаў чакаюць уступныя іспыты ў навучальныя ўстановы, вучобу ў якіх загадзя абраў кожны з іх.

Сяргей РАЙЧОНАК.