Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Асаблівай увагі заслугоўваюць работы метадыстаў раённага Цэнтра рамёстваў Яўгена Ананіча і Аляксея Краўчанкі

24.07.2017

На свяце-конкурсе майстроў разьбы па дрэве “Дрэва жыцця-2017”, якое нядаўна прайшло ў межах XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, дыпломам 1-й ступені ўзнагароджаны метадыст Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў Яўген Ананіч. Ён заваяваў дыплом за перамогу ў намінацыі “Развіццё традыцый народнага лыжкарства”.

— Нашы продкі з дрэва выраблялі практычна ўсе хатнія рэчы: ад калаўротаў да вынаходліва ўпрыгожаных куфраў. Лічу, што і ў сучасных дамах і кватэрах шаркаўчан абавязкова павінны быць вырабы з дрэва: яны дораць асаблівую ўтульнасць, — упэўнены лаўрэат конкурсу “Дрэва жыцця” Яўген Ананіч.

У Шаркаўшчынскім цэнтры рамёстваў ён працуе на працягу апошніх трох гадоў. На конкурсе “Дрэва жыцця” разьбяр прадставіў традыцыйную беларускую лыжку ўласнай работы, якая і прынесла яму перамогу. Сваё майстэрства Яўген перадае вучням старэйшых класаў Шаркаўшчынскай сярэдняй школы №1, якія ў Цэнтры рамёстваў наведваюць гурток разьбы па дрэве. А лепшыя работы з дрэва можна ўбачыць на выставах Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў.

— Асаблівай увагі шаркаўчан заслугоўваюць таксама работы маладога мастака, метадыста раённага Цэнтра рамёстваў Аляксея Краўчанкі, — заўважыла намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры Вікторыя Казіміраўна Дубоўская. — Маляваныя дываны Аляксея Краўчанкі атрымалі высокую адзнаку ў Віцебскім абласным навукова-метадычным цэнтры творчасці. Падчас выставы ў Віцебску, якая мела назву “Ад майстра да вучня”, Аляксей праводзіў майстар-клас для студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. Гэту навучальную ўстанову некалькі гадоў таму закончыў і сам Аляксей Краўчанка. Сёння яго работы ўпрыгожваюць выставачную залу раённага Цэнтра рамёстваў. Кожны з дываноў прываблівае ўвагу наведвальнікаў як майстэрствам выканання, так і сваёй тэматыкай. У цэнтры ўвагі маладога мастака, які нарадзіўся ў Наваполацку і прыехаў працаваць у наш рэгіён па размеркаванні, храмы і касцёлы шаркаўшчынскай зямлі, у тым ліку і былы будынак касцёла Узвышэння Святога Крыжа, што да нашых дзён не захаваўся. Работы Аляксея заўсёды прыцягваюць ўвагу,яны прымушаюць гледачоў спыніцца і задумацца. Нават і не скажаш, што іх аўтару ўсяго толькі 25 год.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.