Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Аздараўленчы лагер "Горад Вясёлкi"

19.07.2016

З 30 чэрвеня па 20 ліпеня на базе Лужкаўскай сярэдняй школы дзейнічаў школьны аздараўленчы лагер “Горад Вясёлкі”, у якім былі створаны ўсе належныя ўмовы для адпачынку і развіцця школьнікаў у летні час.

Начальнік лагера Алена Генрыхаўна Арэхава расказала, што магчымасць адпачываць мелі вучні 1-7 класаў, у тым ліку дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Лагер працаваў з 8 да 14 гадзін, было наладжана трохразовае харчаванне. Вырашалі арганізацыйныя моманты і бавілі час з дзецьмі на працягу змены педагогі-выхавацелі, сярод якіх намеснік начальніка лагера Ганна Усцінаўна Ластаўка, музычны кіраўнік Людміла Міхайлаўна Гірэй, настаўнік фізічнай культуры Васіль Канстанцінавіч Мядзелец і іншыя. Дзяцей чакала мноства цікавых, карысных спраў і заняткаў: рухомыя гульні-спаборніцтвы на свежым паветры, конкурсы чытальнікаў вершаў, малюнкаў і песень пра родны край, хвілінкі здароўя і бяспекі, слайд-прэзентацыі па памятных мясцінах аграгарадка Лужкі. На тэрыторыі лагера для аматараў ціхага, утульнага адпачынку на свежым паветры былі ўстаноўлены палаткі.

Дзеці ўдзельнічалі ў падтрымцы чысціні і парадку на прышкольнай тэрыторыі: займаліся праполкай гародніны, кветнікаў, не забывалі і пра добраўпарадкаванне вакол помнікаў воінам-вызваліцелям. Гэтаму садзейнічалі акцыі “Сквер”, “Школьны двор”, “Чысты бераг”, экалагічная аперацыя па зборы пластыкавых бутэлек.

Сапраўды, у час летніх канікулаў у Лужкаўскай школе не засумуеш. Што да гульняў і забаў, то і казаць няма чаго: кожны знойдзе тут занятак даспадобы. Самае галоўнае, што хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць праявіць сваю індывідуальнасць, раскрыць творчы патэнцыял. Да чаго і імкнуцца педагогі школы, якія працуюць у лагеры дзяцей. А пра тое, што спадабалася, а што — не, якія новыя веды і навыкі былі набыты за гэты час, наведвальнікі лагера напісалі ў спецыяльных анкетах у канцы змены.

Таццяна ГУГАЛІНСКАЯ