Главная / Новости / Новости района

Дзень адчыненых дзвярэй у Шаркаўшчынскім РАУС

03.04.2018

Дзень адчыненых дзвярэй – традыцыйная форма прафарыентацыйнай работы са старшакласнікамі па далучэнні моладзі ў рады супрацоўнікаў раённага аддзела ўнутраных спраў. Чарговае такое мерапрыемства ў Шаркаўшчынскім РАУС адбылося 29 сакавіка, падчас якога з рабочымі буднямі міліцыянераў, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем аддзела азнаёміліся вучні 10-х класаў Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1.

Намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Мікалаевіч Нікалаеў расказаў старшакласнікам аб службе ў органах унутраных спраў і парадку паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сістэмы МУС краіны. Падчас сустрэчы ў райаддзеле змаглі старшакласнікі бліжэй пазнаёміцца і з дзейнасцю супрацоўнікаў ДАІ Шаркаўшчынскага РАУС. Начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі. Віктар Анатольевіч Міласердаў падрабязна расказаў падлеткам пра дзейнасць інспектараў ДПС, пазнаёміў са спецтэхнікай, акцэнтаваў увагу на прафілактыцы дзіцячага траўматызму, на мерах бяспекі на дарогах і адказнасці за парушэнне правіл дарожнага руху.

Шмат цікавай інфармацыі падчас сустрэчы ў райаддзеле падлеткі даведаліся і аб рабоце аператыўна-дзяжурнай часці, аб тым, як паступаюць і фіксуюцца званкі па лініі “102” і як ажыццяўляецца кіраванне нарадамі, што нясуць службу па ахове грамадскага парадку. Школьнікаў таксама азнаёмілі са спецыяльнай тэхнікай, сродкамі сувязі і ўзбраеннем аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Праведзеная акцыя “Дзень адчыненых дзвярэй” насіла не толькі прафарыентацыйны і пазнавальны характар, але і аказала выхаваўча-прафілактычнае ўздзеянне на свядомасць прысутных дзяцей. Гэта цікавае мерапрыемства для падлеткаў падчас вясновых канікул падрыхтавалі і правялі начальнік штаба Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Міхайлавіч Протас, намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Мікалаевіч Нікалаеў і начальнік аддзялення ДАІ РАУС Віктар Анатольевіч Міласердаў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.