Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Годна выступілі шаркаўшчынскія таэквандысты

12.12.2017

Адкрыты кубак Віцебскай вобласці па таэквандо, у рамках Baltic Olympic cup, прайшоў з 1 па 3 снежня ў горадзе Віцебску на базе Палаца спорту «Камсамолец». У гэтым міжнародным спартыўным форуме прыняло ўдзел каля 650 спартсменаў, якія прадстаўлялі зборныя каманды Беларусі (Віцебск, Брэст, Мінск, Мінская вобласць, Полацк, Шаркаўшчына), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Смаленск, Калуга, Калінінградская вобласць), Латвіі (Рыга). За турнірнымі баталіямі на чатырох даянгах назіраў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Карыстаецца папулярнасцю таэквандо і ў Шаркаўшчыне. У групе юніёрак 2000-2002 года нараджэння ў нас выступала Даша Машара. У вагавой катэгорыі 49-52 кг яна заваявала бронзавы медаль. Сярод кадэтаў 2003-2005 г.н. вызначыўся Данііл Ландышка, які заняў 2-е месца ў вазе 57-61 кг. Добра глядзеліся і паядынкі нашых хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзроставых групах 2006-2007 і 2008-2009 гадоў нараджэння. Не сорамна было за Арцёма Стральчонка, Ягора Рашэтнікава, Артура Шапалоўскага, у актыве якіх з’явіліся перамогі над спартсменамі з іншых краін.

Выдатна правёў свае паядынкі Стас Манулік. І толькі 2 балы не хапіла Стасу, каб, як і на мінулых спаборніцтвах, заваяваць чэмпіёнства, хоць яго медаль срэбранага адліву таксама выдатны вынік.

Яна Сініца выступала ў вагавой катэгорыі спартсменак 32-36 кілаграмаў. У фінале Яне супрацьстаяла выхаванка вельмі моцнай брэсцкай школы таэквандо, аднак з лікам 14 — 8 Яна стала пераможцай. Мы віншуем нашу юную шаркаўшчынскую таэквандыстку з чэмпіёнскім тытулам гэтага прэстыжнага міжнароднага турніру і жадаем новых перамог.

У цэлым, падводзячы вынікі турніру, можна адзначыць, што шаркаўшчынскае таэквандо захоўвае канкурэнтаздольнасць. Можна выйсці і на ранейшы ўзровень, калі ў нашым раёне рыхтавалі майстроў спорту Беларусі і міжнароднага класа, чэмпіёнаў і прызёраў Еўропы і Свету. Але гэта пры ўмове, калі вырашыцца пытанне фінансавай падтрымкі выезду шаркаўшчынскіх таэквандыстаў у год хоць бы на 5-6 самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў.

Ігар ІВАНОЎ,
трэнер-выкладчык па спорту, уладальнік чорнага пояса 3 дана.