Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Конкурс чытальнікаў вершаў "ПаКаласімся!", прымеркаваны да юбілею беларускіх песняроў

06.12.2017

Сярод работнікаў Шаркаўшчынскай ЦБС адбыўся конкурс чытальнікаў вершаў пад назвай "ПаКаласімся!". За права стаць лепшымі змагаліся не толькі бібліятэкары, але і актыўныя чытачы.

Незабыўнае ўражанне пакінула інсцэніроўка верша "Першы заробак" Якуба Коласа, з тэатралізацыяй якога бібліятэкарам Лужкаўскай бібліятэкі дапамаглі Данік Калесніковіч (выконваў ролю хлопчыка Алеся) і Сяргей Гамановіч (выступіў у ролі бацькі). А як прыемна гучаў верш "Ручэй" Якуба Коласа ў выкананні бібліятэкара Верацееўскай бібліятэкі Ларысы Мядзелец, украінкі па нацыянальнасці.
Уразіў сваім выступленнем і калектыў раённай бібліятэкі. На суд гледачоў яны прадставілі літаратурную кампазіцыю "Поры года". Падчас выступлення на мультымедыйнай устаноўцы дэманстраваліся слайды з выявамі малюнкаў прыроды, гучала сімфанічная музыка Пятра Чайкоўскага. Кожная ўдзельніца ў час дэкламавання верша была апранута так, якімі ў яе ўяўленні былі чарадзейка-зіма, доўгачаканая вясна, ласкавае лецейка і ўраджайная восень.

На працягу мерапрыемства гучала шмат вершаў Якуба Коласа і Янкі Купалы, тэматыка якіх была самай разнастайнай. Лія Шыпіла, бібліятэкар Дворнаўскай бібліятэкі, прысвяціла народным песнярам свой верш "Успаміны", за што была ўзнагароджана дыпломам і сувенірам ад старшыні прафкама бібліятэчных работнікаў.

Журы, у склад якога ўваходзілі дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Фромертас, старшыня прафкама бібліятэчных работнікаў Вера Мілянцей і бібліятэкар Германавіцкай бібліятэкі Таццяна Хоміч, доўга спрачалася, пакуль прыйшло да агульнай высновы. Першае месца ў намінацыі "Родныя вобразы" заняў калектыў Лужкаўскай бібліятэкі (загадчыца Ірына Машара), другое месца — калектыў раённай бібліятэкі (загадчыца Таццяна Райчонак), трэцяе — Ларыса Мядзелец, бібліятэкар Верацееўскай бібліятэкі. У намінацыі "Аб каханні, шчасці, лёсе і жыцці" першае месца заняла Наталля Кандрацьева, бібліятэкар Дома народнай творчасці аграгарадка Буеўшчына, другое — Ларыса Мядзелец, бібліятэкар Каўшэлеўскай бібліятэкі, трэцяе — Іна Суднік, бібліятэкар Пашкоўскай бібліятэкі, астатнія ўдзельнікі атрымалі дыпломы за ўдзел у конкурсе.

Мерапрыемства пакінула шмат цікавых уражанняў. Пасля прыгожа прадэкламаваных вершаў мы яшчэ раз упэўніліся ў тым, што наша мова самая прыгожая і мілагучная.

М. СУШКО, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шаркаўшчынскай ЦБС.