Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дзяніс Фацееў наведаў Шаркаўшчынскі раён
Цэнтрам увагі начальніка ўпраўлення сталі спартыўныя аб’екты і ўстановы гарадскога пасёлка. Дзяніс Фацееў сустрэўся з працоўнымі калектывамі фізкультурна-спартыўнага клуба «Шаркаўшчына», турыстычнага інфармацыйнага цэнтра і дзіцяча-юначай спартыўнай школы.
— У Шаркаўшчынскім раёне надаецца значная ўвага развіццю спорту і турызму, але ёсць куды расці і што ўдасканальваць, — падкрэсліў Дзяніс Фацееў. — Вельмі важна спрацаваць на станоўчы вынік, а для гэтага неабходна зладжаная работа ўсёй каманды, кожнага трэнера.
Начальнік упраўлення падзякаваў галоўнаму спецыялісту райвыканкама Наталлі Арэшкавай, трэнерам і метадыстам за плённую працу і дастойны ўзровень арганізацыі праводзімых у раёне спартыўных мерапрыемстваў.
У час гутаркі ішла размова пра ўзвядзенне фізкультурна-спартыўнага комплексу ў гарадскім пасёлку, якое плануецца пачаць у наступным годзе, пра набыццё аўтобуса для дастаўкі юных спартсменаў на спаборніцтвы. Асаблівая ўвага была нададзена бяспецы дзяцей на занятках.
Спецыялісты ўпраўлення ажыццявілі маніторынг работы спартыўных устаноў, далі метадычныя рэкамендацыі па справаводстве.