Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Найсмачнейшыя бліны – ў радзюкоўскай “Груцы”

14.07.2017

Далека за межамі раёна і вобласці вядомы народны клуб нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага сельскага Дома культуры. Бадай, кожны шаркаўчанін калі-небудзь каштаваў тыя адмысловыя стравы, якія гатуюць удзельнікі аматарскага аб’яднання. Акцэнт у іх прыгатаванні робіцца на старадаўнія рацэпты. У першую чаргу, гэта, канечне, сама груца — страва, якая дала назву калектыву і стала яго візітнай карткай. Сама каша вельмі простая ў прыгатаванні — гэта вараныя гарох з ячневымі крупамі. Але не проста вараныя, а прыгатаваныя з мясцовым кулінарным каларытам. Наогул, кожная страва ў “Груцы” з’яўляецца адмысловай, карыснай для здароўя.

Чарговай магчымасцю паласавацца радзюкоўскімі прысмакамі была ва ўдзельнікаў і гледачоў свята, якое нядаўна прайшло у мясцовым СДК і прысвячалася 20-годдзю з моманту заснавання калектыва “Груца”. Удзельнікі аб’яднання не толькі частавалі сваімі стравамі, але і спявалі на сцэне, танчылі, расказвалі байкі і гумарэскі, лірычныя вершы. Справа ў тым, што “Груца” з’яўляецца калектывам не толькі кулінарнага накірунку. Каля вытокаў стварэння аб’яднання стаяла таленавіты чалавек, мясцовы паэт Ларыса Іванаўна Шпак. Яна пісала раней і цяпер для калектыва вершы, каб падчас выстаў прэзентаваць гледачам тыя або іншыя стравы. Некаторыя вершы яе пакладзены на музыку і ўжо дваццаць год з’яўляюцца неад’емнай часткай рэпертуару народнага аб’яднання.

Значнай адметнасцю “Груцы” з’яўляюцца бліны, прыгатаваныя на калодзе. Цяпер гэта выкарыстоўваюць іншыя калектывы, але ўпершыню яны з’явіліся менавіта ў Радзюках. Гэта ідэя належыць мастацкаму кіраўніку СДК Уладзіміру Радзюку.

Павіншаваць калектыў з юбілеем у той дзень прыехала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інна Мар’янаўна Шынкевіч. Яна выказала словы вялікай удзячнасці ўдзельнікам аб’яднання за шматгадовую працу па адраджэнню спадчыны і захаванні традыцый нашых продкаў, папулярызацыю беларускай нацыянальнай кухні, а таксама ўручыла падзячныя пісьмы.

Сяргей РАЙЧОНАК