Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: sharkrik@vitebsk.by
Главная / Новости / Новости района

Паважаныя жыхары і госці Шаркаўшчынскага раёна!

31.12.2019

         Прыміце самыя найлепшыя віншаванні з надыходзячым 2020 годам!

         Новы год прыходзіць у кожны дом, у кожную сям’ю разам з прыбранай елкай, яркімі феерверкамі, атмасферай асаблівай светлай радасці і любові. Гэта час, калі ўсе разам са сваімі сябрамі, суседзямі, з усёй краінай з хваляваннем і надзеяй загадваюць жаданні.

         Па добрай традыцыі напярэдадні гэтага цудоўнага свята мы падводзім вынікі пражытага, вызначаем планы на будучыню. Адыходзячы 2019 год быў вытканы з мноства знамянальных падзей і паўсядзённых жыццёвых клопатаў, быў няпросты, але прадуктыўны для нашага рэгіёна.

         Адзначым, што ўсе галіны эканомікі Шаркаўшчынскага раёна спрацавалі з чыстым прыбыткам. Нягледзячы на складаны для працаўнікоў сельскай гаспадаркі год, імі атрымана звыш 40 тысяч тон збожжа, што на 33 працэнты больш мінулагодняга. Дзякуючы сістэмнай рабоце з малым і сярэднім прадпрымальніцтвам, сёлета створана пяць новых прадпрыемстваў, на якія працаўладкаваліся 58 чалавек. За кошт новага будаўніцтва, рэканструкцыі і аднаўлення работы ўведзена ў дзеянне 14 гандлёвых аб’ектаў. Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляліся з 15 краінамі. Рэалізаваны рад праектаў па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал: рэканструкцыя цэнтральнай кацельні з укараненнем дадатковых катлоў на мясцовых відах паліва, капітальны рамонт з мадэрнізацыяй СШ №1, рэканструкцыя меліярацыйных сістэм у ААТ “Даватарскі” і ААТ “Буеўшчына”, будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў ААТ “Еўрагандаль”, набыццё аўтатранспарту. Вялося ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту. Паспяхова ўвасоблены праекты гуманітарнай дапамогі па праграме малых грантаў Амбасады ЗША, пашыралася кола партнёрскіх адносін з рэспублікамі блізкага замежжа.

         Шаноўныя сябры! Хочацца сказаць вам вялікі дзякуй за любоў да роднага краю, за нераўнадушныя да яго адносіны, за напружаную працу на карысць сваёй зямлі.

            Усе нашы думкі і пачуцці, мары і надзеі ўжо скіраваны ў 2020 год, у якім мы адзначым 80-годдзе ўтварэння Шаркаўшчынскага раёна, сустрэнем 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі, прымем удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што нам будзе па сілах ажыццявіць новыя планы і ідэі. Для гэтага ў нас ёсць працавітыя людзі, граматныя кіраўнікі і спецыялісты, перспектыўная моладзь, за якой — будучыня раёна і ўсёй краіны.

         Напярэдадні свята кожны з нас марыць аб простым і вечным: каб былі здаровыя і шчаслівыя дарагія нам людзі, каб у хаце быў дабрабыт, утульнасць і цеплыня, каб дзеці радавалі поспехамі, а мы ганарыліся імі.
Хай надыходзячы год для ўсіх будзе шчодрым і добрым, поўным прыемных падзей і радасных сустрэч.

         Цяпла, любові і шчасця вам у Новым 2020 годзе!

Старшыня
Шаркаўшчынскага
раённага выканаўчага камітэта

Д.М.Ламака

Старшыня
Шаркаўшчынскага
раённага Савета дэпутатаў

У.С.Шпец