• Река Дисна в ШарковщинеРека Дисна в Шарковщине
  • МасленицаМасленица
  • БольницаБольница
  • Г.п.ШарковщинаГ.п.Шарковщина
  • ЛебедиЛебеди
  • ШарковщинарайгазШарковщинарайгаз
Главная -  Новости -  Новости района

Прайшоў пяты адкрыты турнір па таэквандо

03.03.2018

На высокім арганізацыйным узроўні прайшоў у спартыўнай зале аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пяты адкрыты турнір па таэквандо, прысвечаны подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў. У пачатку спаборніцтва прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь, урачыста быў узняты Дзяржаўны сцяг. Удзельнікаў віталі галоўны суддзя турніру Ігар Афанасьевіч Іваноў і воін-інтэрнацыяналіст Іосіф Вітальевіч Курыловіч. Яны пажадалі хлопчыкам і дзяўчынкам справядлівай барацьбы і перамогі ў спаборніцтве.

У якасці падарунка ўдзельніцы аб’яднання па інтарэсах раённага Цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны Калесніковіч падарылі прысутным свае песні пад гітарны акампанемент на афганскую тэматыку. Затым пачаліся асноўныя спаборніцтвы. Удзельнікі — хлопчыкі і дзяўчынкі — з хваляваннем чакалі сваёй чаргі для выступлення. Не менш перажывалі іх бацькі, сябры, якія прыйшлі падтрымаць юных таэквандыстаў.

Як і ў мінулыя гады, турнірныя выпрабаванні прайшлі ў трох відах: “Нарэ-чагі” — максімальная колькасць удараў у снарад з двух ног за 10 секунд у трох падыходах, “Power Strіke” — выкананне шасці ўдараў нагамі ў снарад з электронным жылетам на максімальную сілу і “Твіо-ап-чагі” — прамы ўдар у прыжку на максімальную вышыню. Юныя спартсмены выступілі ў адзінаццаці вагавых катэгорыях — да 22 кілаграмаў і звыш 50 кілаграмаў. Адметнай рысай правядзення такіх мерапрыемстваў з’яўляецца тое, што нягледзячы на лепшыя паказчыкі і набраныя балы, ніхто са спартсменаў не застаецца не адзначаным з боку арганізатараў турніру. Так атрымалася і цяпер: пераможцы ўзнагароджаны граматай і салодкімі прызамі, прызёры, якія занялі другое і трэцяе месцы, атрымалі граматы. Цырымонію ўзнагароджвання ва ўрачыстай атмасферы правялі Ігар Афанасьевіч Іваноў і Іосіф Вітальевіч Курыловіч.

Вось імёны пераможцаў спаборніцтва: Віялета Жменчуроўская, Яна Сініца, Аляксей Хвяцковіч, Дар’я Рагачэўская, Арцём Стральчонак, Цімур Кукуць, Артур Шапалоўскі, Алег Рачыцкі, Аляксей Яцына, Максім Шэнда, Ягор Райчонак, Ігар Лапуцька, Яраслаў Ваштай, Ілля Асятроў, Арцём Сякерын, Глеб Аляксееў, Станіслаў Хрол, Яраслаў Зайцаў, Мацвей Закрэўскі, Юлія Кожан.

Пяты, юбілейны, турнір па таэквандо, прысвечаны подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў, адбыўся дзякуючы аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, раённаму цэнтру дзяцей і моладзі, індывідуальнаму прадпрымальніку Алегу Хролу, раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане.

Сяргей РАЙЧОНАК.