Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Праваслаўныя вернікі прыходу царквы "Усіх смуткуючых Радасць" адзначылі 120-годдзе храма

09.11.2017

Праваслаўныя вернікі прыходу царквы "Усіх смуткуючых Радасць" у г.п.Шаркаўшчына 6 лістапада адзначаюць свята аднайменнай іконы. Вялікае мноства прыхаджан прыйшлі ў той дзень, каб памаліцца Богу, разам з іншымі адзначыць 120-годдзе храма, павіншаваць настаяцеля царквы протаіерэя Віктара Валашчука. У Шаркаўшчыне царква іконы "Усіх смуткуючых Радасць" была пабудавана ў 1897 годзе з цэглы на месцы былога драўлянага храма 1841 года. У Вялікую Айчынную вайну царква была паўзруйнавана. У 1970-х гадах тут размяшчаўся раённы Дом культуры, а затым камісійная крама. У 1990 годзе будынак перадалі вернікам, тут пачаўся рамонт. Аднаўленнем храма кіраваў айцец Еўстафій Латышонак з Новага Пагоста, ён жа служыў тут пасля адкрыцця царквы два месяцы. Асвячаў храм дабрачынны Глыбоцкай акругі протаіерэй Серафім Галагушка. А ў верасні 1991 года настаяцелем царквы быў назначаны айцец Андрэй Валашчук. Тады ж пры царкве пачала працаваць Нядзельная школа. З мая 1994 года і да цяперашняга часу святаром царквы з'яўляецца протаіерэй Віктар Валашчук. За гэты час шмат што змянілася: перакрыты дах на храме, заменены купалы, адноўлена алтарная частка, заменены іканастас, набытыя новыя іконы і ўсе патрэбныя рэчы для правядзення служэнняў. Павялічылася і колькасць прыхаджан царквы, якія з цеплынёй у сэрцы і душы прыходзяць сюды памаліцца Богу.

Павіншаваць айца Віктара і прыхаджан царквы прыйшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. Кіраўнік раёна зачытаў віншаванне, у якім пажадаў протаіерэю доўгіх год служэння праваслаўю, моцнага здароўя і даўгалецця. Кранаючым падарункам для настаяцеля царквы стала выступленне вучняў Нядзельнай школы, якія чыталі вершы і ўручылі свяшчэнніку падарункі.

У сваю чаргу Віктар Валашчук падзякаваў кожнаму за тую ўвагу, якую прыхаджане царквы праяўляюць да яго. Падзякаваў за тое, што ніхто з іх не забывае дарогу да храма, з верай, надзеяй і любоўю наведваюць богаслужэнні.

Сяргей РАЙЧОНАК.