Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 4 13 48
E-mail: sharkrik@vitebsk.by
Главная / Новости / Новости района

«Прывітанне, школа!»

03.09.2019

У панядзелак, 2 верасня, ва ўсіх школах нашай краіны прагучаў першы званок. У гэтым годзе за школьныя парты ў нашым раёне селі 1381 дзяцей, з іх 132 першакласнікі.

Цікава прайшло святкаванне Дня ведаў у Більдзюжскай сярэдняй школе. У суправаджэнні сваёй першай настаўніцы Анны Дзмітрыеўны Мітчанка на школьную ўрачыстасць завіталі 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пайшлі ў 1 клас. Цёплымі прывітальнымі словамі вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў сустрэла дырэктар школы Ала Уладзіміраўна Якімчык.

— Наша школа гасцінна адкрыла свае дзверы для 89 вучняў, 12 з якіх — першакласнікі. Няхай сённяшні пагодны і цёплы дзень пачнецца з цікавых урокаў, знаёмства з новымі сябрамі. Мы вельмі рады вітаць усіх вас, дарагія вучні, у нашай навучальнай установе! Выдатнай усім вучобы, прыкладных паводзін і ўсяго найлепшага!

На ўрачыстасці прысутнічаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.

— Паважаныя настаўнікі, дарагія вучні і бацькі, віншую вас з пачаткам новага навучальнага года! — З такімі словамі звярнуўся да прысутных кіраўнік раёна. — Няхай кожны дзень школьнага жыцця будзе насычаным на яркія падзеі, творчыя знаходкі, а школьнае жыццё будзе цікавым і разнастайным! Настаўнікам я жадаю невычэрпнай энергіі, цярпення і мудрасці. Бацькам сённяшніх вучняў — радасці і гонару за поспехі сваіх дзяцей! Няхай цяпло гэтага свята сагравае вас увесь навучальны год, які сёння пачаўся!

З Днём ведаў павіншавала настаўнікаў, дзяцей і іх бацькоў старшыня Більдзюжскага сельвыканкама Алена Генадзьеўна Чарняўская. Яна ўручыла першакласнікам падарунак ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — кнігу “Беларусь — наша радзіма”.

Не з пустымі рукамі на школьную ўрачыстасць прыйшлі шматлікія госці. Сярод іх намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ “Жвіранка” Пётр Спірыдонавіч Ананька. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства адзначыў некаторых вучняў старэйшых класаў, якія ў час уборачнай кампаніі дапамагалі гаспадарцы. Пётр Спірыдонавіч уручыў ім падарункі. А для патрэб школы аказаў фінансавую падтрымку на адну тысячу рублёў.

Адметным момантам лінейкі, прысвечанай пачатку новага 2019-2020 навучальнага года, стаў першы званок, які далі адзінаццацікласнік Юрый Сідараў і першакласніца Аліна Данілюк.

Сяргей РАЙЧОНАК.