Главная / Новости / Новости района

Прывітанне, свет! Цябе вітаюць юныя таленты Шаркаўшчынскага краю!

09.01.2019

Цудоўнымі нумарамі, яркімі касцюмамі, а самае галоўнае, сваімі абаяльнымі дзіцячымі ўсмешкамі парадавалі гледачоў удзельнікі раённага этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне свет!”. Сярод юных канкурсантаў – вучні ўсіх сярэдніх школ нашага раёна: Лужкаўскай, Германавіцкай, Іёдскай, Більдзюжскай, Велікасельскай, абедзвюх школ гарадскога пасёлка і Радзюкоўскай базавай школы, а таксама юныя ўдзельнікі музычных аматарскіх аб’яднанняў. Конкурс дзіцячай творчасці праходзіў у Шаркаўшчынскай сярэдняй школе № 2. Ініцыятарамі яго правядзення выступілі аддзел па адукацыі райвыканкама і Шаркаўшчынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Выступленні юных канкурсантаў падчас правядзення конкурсу “Прывітанне, свет!” ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка, метадыст Шаркаўшчынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Сямёнаўна Шакялеўская і выкладчыца Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Уладзіміраўна Міхайлава. У ролі вядучай конкурснай праграмы выступіла культарганізатар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Мікалаеўна Калесніковіч.

У намінацыі “Дэкаратыўна –прыкладное мастацтва” перамогу заваявала кампазіцыя, прадстаўленая творчым калектывам Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 2. У намінацыі “Тэатральнае мастацтва” за 3 месца журы ўзнагародзіла Арыну Лапыр і Яраслава Карсюкевіча з Більдзюжскай СШ і Ульяну Сташкевіч з Германавіцкай сярэдняй школы.

Найбольшая колькасць пераможцаў была адзначана ў намінацыі “Вакальная творчасць”. За трэцяе месца журы ўзнагародзіла Кацярыну Рамановіч (Шаркаўшчынская СШ № 2), Ганну Фаміну (сярэдняя школа № 1 г. п. Шаркаўшчына) і Паліну Цярэшка (Германавіцкая СШ).

2 месца заваяваў вучань Радзюкоўскай базавай школы Леанід Хрол. А пераможцамі раённага этапа конкурсу “Прывітанне свет!” у намінацыі “Вакальная творчасць” сталі салісткі ўзорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” Даша Касцюкевіч і Даша Райчонак, а таксама юная артыстка Лужкаўскай сярэдняй школы Варвара Калесніковіч.

Ужо зусім хутка адбудзецца абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне свет!”. Наш раён на ім будуць прадстаўляць дзеці, якія заваявалі першае і другое месца на раённым аглядзе-конкурсе.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.