Главная / Новости / Новости района

Распачаўся новы навучальны год

03.09.2018

1 верасня ва ўсіх навучальных установах раёна адбыліся ўрачыстыя лінейкі. Традыцыйнымі для гэтага дня з’яўляюцца першы званок, сустрэчы з аднакласнікамі і агульны для ўсіх урок “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, прысвечаны Году малой радзімы.

З пачаткам новага навучальнага года педагогаў і дзяцей (сёлета ва ўсіх навучальных установах раёна налічваецца 1450 вучань) прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў, бацькі. Асаблівая ўвага ў Дзень ведаў была нададзена першакласнікам, для якіх з гэтага дня расчыняюцца дзверы ў школьнае жыццё. Дарэчы, за парты сёлета селі 125 вучняў першых класаў.

Для 116 адзінацаццікласнікаў новы навучальны год будзе апошнім у сценах родных школ, ім неабходна прыкласці шмат намаганняў, каб паспяхова закончыць навучанне і вызначыцца з выбарам прафесіі. Сваю працоўную дзейнасць на ніве адукацыі ў гэтым годзе пачалі 5 маладых спецыялістаў, якія па размеркаванні прыехалі ў наш край.