Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: sharkrik@vitebsk.by
Главная / Новости / Новости района

Шаркаўшчынскі раён з чарговым візітам наведалі кіраўнік і ўдзельнікі грамадскага аб’яднання «Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці»

04.02.2020

Шаркаўчане ў чарговы раз віталі на сваёй гасціннай зямлі расійскую дэлегацыю. Кіраўнік Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Смаленска Сяргей Крыўко спачатку наведаў Лужкаўскую СШ. Дарэчы, ён займаўся ў гэтай навучальнай установе з першага па шосты класы. Таму нашаму земляку праз шмат год цікава было пабываць у сценах роднай школы, дзе навучыўся чытаць і пісаць, дзе з’явіліся яго першыя сябры.

Экскурсію для расійскіх гасцей правялі адміністрацыя і настаўнікі школы. Шмат цікавага і карыснага смаляне змаглі ўбачыць у раённым цэнтры рамёстваў. Яго дырэктар Вікторыя Дубоўская на беларускай мове расказала пра дзейнасць установы, пра тое, як адраджаюцца старажытныя нацыянальныя рамёствы і промыслы, характэрныя для нашай мясцовасці. Кожны з прысутных змог у літаральным сэнсе адчуць сябе мастаком, разьбяром па дрэве, паспрабаваць сябе ў саломапляценні, бо побач з выставай працавалі работнікі ўстановы, якія правялі для гасцей майстар-класы. Тыя, хто бывае ў Шаркаўшчыне, абавязкова наведваюць Свята-Успенскі храм. Вось і расіянам было прапанавана трапіць у гэту царкву. Пра больш чым стогадовую гісторыю будынка, яго святароў расказаў прыхаджанін храма Віктар Крук. Гасцей вельмі ўразіў гэты аповед, асабліва пра свяшчэннамучанніка айца Канстанціна Жданава, сіламі якога быў узведзены будынак царквы.

Затым у малой зале райвыканкама прайшло афіцыйнае двухбаковае пасяджэнне. Безумоўна, многае за прайшоўшы перыяд зроблена. Гэта ўзаемныя візіты афіцыйных дэлегацый, наведванне і знаёмства расіян з сацыяльна-культурным і эканамічным патанцыялам Шаркаўшчынскага раёна, сумесны аўтапрабег “Дарогі вайны. Дарогі міру. Дарогі памяці”, які адбыўся ў канцы ліпеня мінулага года па знакавых месцах нашага раёна. Шаркаўчане ў межах пагаднення таксама змаглі наведаць Смаленскую вобласць.

Шаркаўчане прапанавалі сваім сябрам прыняць удзел у раённым турыстычным злёце, ёсць задумка арганізаваць наведванне гідралагічнага заказніка “Ельня”. Ад кіраўніцтва нашага раёна паступіла запрашэнне на рэгіянальнае свята “Яблычны Спас” у в. Алашкі.

Падчас абмеркавання шматлікіх аспектаў узаемнага супрацоўніцтва прыйшлі да агульнай высновы, што падпісанае пагадненне ў студзені мінулага года з’яўляецца не проста фармальным дакументам, а грунтоўным падмуркам у справе яднання не толькі асобных рэгіёнаў дзвюх краін, але і ў пытаннях яднання Расіі і Беларусі.

— Падобныя сустрэчы пацвярджаюць, што расіяне і беларусы фактычна з’яўляюцца адным народам: у нас аднолькавыя погляды на жыццё, адно разуменне таго, што трэба рабіць для павышэння дабрабыту людзей, для развіцця нашых тэрыторый, — падкрэсліў Дзмітрый Ламака.

Напрыканцы пасяджэння старшыня райвыканкама ў знак узаемнага супрацоўніцтва ўручыў Падзячныя пісьмы, падарункі кіраўніку і членам расійскай дэлегацыі. Сябры са Смаленска таксама ўзнагародзілі кіраўніцтва нашага раёна, грамадскіх аб’яднанняў, краязнаўцаў Падзячнымі пісьмамі, медалямі. У якасці падарунка старшыня райвыканкама атрымаў кнігі, напісаныя паэтамі і пісьменнікамі Смаленшчыны.

Сяргей РАЙЧОНАК.