Главная / Новости / Новости района

Шырокім фронтам ідуць палявыя работы ў КУВСП “Гарадзец”

07.09.2018

Дбайны гаспадар заўсёды загадзя клапоціцца пра ўраджай будучага года. Ад таго, якая аснова будзе закладзена з пачатку восені, напрамую залежыць, наколькі вялікія намалоты збяруць хлебаробы праз год. Сельгаспрадпрыемствы раёна, завяршыўшы ўборачную кампанію, імкнуцца як мага хутчэй разгарнуць палявыя работы шырокім фронтам на ўзорванні, падрыхтоўцы глебы і сяўбе азімых культур. Не выключэнне тут КУВСП “Гарадзец”, дзе наш карэспандэнт пабываў 5 верасня.

— Сяўбу азімых культур мы пачалі 6 жніўня, — паведаміў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Лапацкі. — Спачатку засявалі палеткі каля вёскі Красная Гара, а цяпер загортваем насенне пшаніцы ў падрыхтаваную глебу ў цэнтральным аддзяленні сельгаспрадпрыемства. Кожны дзень пяць адзінак трактароў занятыя на ўзорванні. Пры дзённым заданні ў 42 гектары, мы ўзорваем 45 га палёў пад сяўбу.

Асноўную частку ворыва складаюць плошчы, узараныя перадавым механізатарам Юрыем Урублеўскім на новым энерганасычаным “Кіраўцы”. 5 верасня мужчына працаваў на 80-гектарным полі каля вёскі Жарсцвянка.

— Трактар не падводзіць, тым больш, што спецыялісты з сэрвіснага цэнтра павялічылі яго магутнасць з 420 да 520 конскіх сіл, — расказаў нам Юрый. — У счэпе з дзесяцікорпусным плугом рухаюся па полі без перашкод. На свой рахунак ужо запісаў звыш сямісот гектараў ворыва.

Ноччу прайшоў моцны лівень, які вельмі ўшчыльніў глебу, таму і пасяўныя агрэгаты з самай раніцы не змаглі распачаць работу.

— Прасушкай глебы займаюцца механізатары з культыватарамі АКШ, — кажа сеяльшчык Яўгеній Агрызка. — На дадзены момант я сею азімую пшаніцу ва ўрочышчы Параб’е, агульная плошча якога 50 гектараў. Працую на МТЗ-1221 у счэпе з трохметровай сеялкай Лемкен. На суседнім полі пшаніцу засявае малады механізатар Віктар Урублеўскі на МТЗ-3022 у счэпе з АПП6 А.

Побач, каля электрападстанцыі, другі дзень убіраюць на сілас кукурузу.

— Каралева палёў сёлета вырасла проста на славу, — кажа галоўны аграном. — Летась гэта культура расла толькі на 100 гектарах, а сёлета мы пасеялі яе ў чатыры разы больш. Ураджайнасць кукурузы перавышае 250 цэнтнераў з гектара, а гэта значыць, што сіласам статак буйной рагатай жывёлы будзе забяспечаны. Нягледзячы на тое, што ўборкай кукурузы займаецца толькі адзін корманарыхтоўчы комплекс КВК-800, за рулём якога працуе Сяргей Завядзееў, у дзень ён здрабняе звыш двухсот тон гэтай культуры. На адвозе задзейнічаны трактар МТЗ-1221 з механізатарам Аляксандрам Шапавалавым і грузавы аўтамабіль МАЗ-555 з вадзіцелем Дзмітрыем Багамолавым. Гаспадарка адчувае недахоп механізатарскіх кадраў. Таму нярэдка мы вымушаны прасіць мужчын-пенсіянераў, каб тыя дапамаглі на некаторых відах работ. Напрыклад, Аляксандр Шапавалаў, на пенсіі знаходзіцца ўжо сем год, але заўсёды рады адклікнуца на просьбы кіраўніцтва гаспадаркі аб дапамозе. Вясной ён займаўся апрацоўкай глебы, а падчас корманарыхтоўкі выконвае транспартныя работы.

Затым мы пераехалі на малочнатаварную ферму “Цэнтр”, дзе ішла закладка сіласнай траншэі. Разраўноўваў і трамбаваў здрабнёную масу на “Амкадоры” Мікалай Шчасны.

— На жаль, часта здараюцца паломкі, — кажа механізатар. — Вось і цяпер трэба шукаць прычыну павышэння тэмпературы вадкасці ў радыятары. Але, калі з тэхнікай на “ты” і ў наяўнасці маюцца запасныя часткі, то з рамонтам вялікіх цяжкасцей не будзе.

Вось так зладжана, аператыўна і шырокім фронтам ідуць палявыя работы ў КУВСП “Гарадзец”, працаўнікі якога закладваюць трывалую кармавую базу на зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы і прыкладаюць усе намаганні, каб у будучым годзе мець важкі хлебны каравай.

Сяргей РАЙЧОНАК.