Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Служба ў сілавых структурах: выбар за кожным

14.03.2019

Перыядычна для вучняў старэйшых класаў праходзіць адзіны дзень інфармавання пад назвай “ШАГ” — “Школа Актыўнага Грамадзяніна”. На мерапрыемствы па гэтай тэме ў школы запрашаюць кіраўнікоў дзяржаўных устаноў, актывістаў грамадскіх аб’яднанняў.

Робіцца гэта дзеля фарміравання ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Для таго, каб у будучым юнакі і дзяўчаты ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці краіны, каб самастойна маглі прымаць тыя або іншыя рашэнні, несці за іх адказнасць. Асноўнай задачай тут з’яўляецца пашырэнне ведаў вучняў аб палітычных і сацыяльна-эканамічных падзеях у краіне, развіццё навыкаў і ўменняў аналізаваць інфармацыю аб сацыяльных з’явах і працэсах, весці дыскусію па праблемах развіцця сучаснага грамадства.

У канцы лютага і пачатку сакавіка сярэднія школы ў межах праграмы “ШАГ” наведалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома, кіраўніцтва РАНС і курсанты ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС, прадстаўнікі РАУС, курсанты акадэміі ўнутраных спраў МУС, прадстаўнікі ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў, старшыня раённага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Валерый Інакенцьевіч Ан.

Падчас сумеснай размовы шмат увагі ўдзялялася тэме 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У раёне рыхтуецца праграма мерапрыемстваў, звязаных з гэтай памятнай датай. Не абышлі ўвагай выступоўцы і 30-годдзе вываду савецкіх войск з Афганістана. Гэтай падзеі быў прысвечаны шэраг памятных мерапрыемстваў, якія прайшлі ў гарадскім пасёлку і раёне.

У час сустрэчы прадстаўнікі раённых дзяржаўных структур у сваіх выступленнях засяроджвалі ўвагу старшакласнікаў на тым, што ім ўжо цяпер трэба выбраць будучую прафесію. Некаторыя са сваім выбарам вызначыліся, іншыя яшчэ вагаюцца ў гэтым пытанні. Менавіта таму прадстаўнікі раённых сілавых структур засяроджвалі ўвагу прысутных на паступленні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы профільнага тыпу. І гэта цяпер вельмі актуальна. Бо, стаўшы курсантам той або іншай навучальнай установы, юнак ці дзяўчына адразу атрымліваюць бясплатнае жыллё ў казармах ці інтэрнатах, абмундзіраванне, трохразовае харчаванне і стыпендыю, якая ў залежнасці ад паспяховасці ў вучобе можа складаць ад 260 да 400 рублёў.

Сёння многія шаркаўчане праходзяць курс навучання ў вышэйпералічаных ВНУ. Прафесію выратавальніка-пажарнага абралі для сябе Васілій Кашэль, Анастасія Ласоўская, Крысціна Курэц, якія заканчваюць універсітэт грамадзянскай абароны МНС. За плячамі маладога спецыяліста, інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Шаркаўшчынскага РАУС Віялеты Малыш вучоба ў Акадэміі ўнутраных спраў. Гэтую ж ВНУ заканчваюць шаркаўчане Міхаіл Згірскі і Дзяніс Арэшкаў. Яны расказвалі старшакласнікам пра вучэбны працэс, умовы пражывання, адказвалі на шматлікія пытанні юнакоў і дзяўчат.

Прысутным было цікава слухаць аповеды прадстаўнікоў сілавых структур, курсантаў. Станоўчым вынікам такіх сустрэч, праведзеных у школах раёна, стала жаданне некаторых старшакласнікаў звязаць свой лёс з прафесіяй ваеннага, выратавальніка-пажарнага або супрацоўніка праваахоўных органаў.

Сяргей РАЙЧОНАК.