Главная / Новости / Новости района

Свята аграгарадка Вялікае Сяло

04.09.2018

Вёска Вялікае Сяло з 2010 года мае статус аграгарадка. У гэтым населеным пункце маюцца сельскі клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, гандлёвыя ўстановы, дзіцячы сад-сярэдняя школа. А сам аграгарадок распасціраецца на некалькі кіламетраў, мае мноства вуліц. На адной з іх, а менавіта на Цэнтральнай, прайшло свята аграгарадка. Па даўняй традыцыі, яно ладзіцца напрыканцы лета і збірае мноства вяскоўцаў і тых, хто прыязджае ў сельскую мясцовасць з гарадоў у водпуск або на канікулы.

На свяце вёскі прынята ўшаноўваць людзей, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілейныя дні нараджэння, юбілейныя даты сумеснага сямейнага жыцця. Адразу 28 юбіляраў назвалі вядучыя свята, запрасілі іх на імправізаваную сцэну. Шэсць пар у 2018 годзе адзначаюць круглыя даты сумеснага сямейнага жыцця. Сямейныя пары ў якасці падарунка атрымалі салодкія пачастункі і, канечне ж, добрыя песні.

У другой частцы праграмы работнікі мясцовых устаноў культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці прадэманстравалі тэатралізацыю “Як на нашым кірмашы”.

На свята аграгарадка завітаў фальклорны гурт “Калядзіца” раённага цэнтра рамёстваў з праграмай “Жнівеньскія забавы”. Жанчыны спявалі беларускія народныя песні, вясёлыя прыпеўкі, расказвалі жартоўныя гумарэскі, задавалі гледачам загадкі, танчылі. Іх выступленне цёпла ўспрымала публіка і гучнымі апладысментамі дзякавала за кожны нумар святочнай праграмы.

Шмат канцэртных нумароў прадставілі ўдзельнікі дарослых і дзіцячых гурткоў мастацкай самадзейнасці Велікасельскага СК. Кожны меў магчымасць за невялікі кошт набыць кулінарныя вырабы — салодкую хатнюю выпечку. Побач размясцілася гандлёвая палатка мясцовага магазіна. Прадаўцы прапанавалі пакупнікам разнастайны асартымент харчовых тавараў. Тыя ж, хто меў жаданне набыць памятны сувенір, мог гэта зрабіць у супрацоўнікаў раённага цэнтра рамёстваў. Народныя майстры таксама прапанавалі згуляць у бяспройгрышную латарэю і атрымаць за гэта прыз, як напамін аб свяце аграгарадка.

Не засталіся без увагі і маленькія гледачы. Арганізатары свята паклапаціліся, каб гэты дзень прайшоў у іх весела і запамінальна. Каля святочнай пляцоўкі працавалі паветраныя атракцыёны, батуты. Тут жа можна было набыць поп-корн, цукеркі, іншыя салодкія прысмакі.

Святочная праграма завяршылася сольным выступленнем самадзейнага музыканта з вёскі Жукоўшчына Мікалая Кіраенкі.

Дзякуючы намаганням усіх удзельнікаў атрымалася запамінальнае і вельмі цудоўнае свята аграгарадка Вялікае Сяло.

Сяргей РАЙЧОНАК.