Главная / Новости / Новости района

Свята працы і вясны

03.05.2018

Першамай – дзяржаўнае свята ў Беларусі, якое афіцыйна называецца Днём працы. У гарадскім пасёлку Першамай шаркаўчане сустрэлі святочным канцэртам, ініцыятарам правядзення якога выступіла Шаркаўшчынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў пад кіраўніцтвам Ігара Віктаравіча Малюгіна. На адкрытай пляцоўцы перад раённым Цэнтрам культуры свае лепшыя музычныя нумары шаркаўчанам падарылі артысты: Іван і Алеся Русецкія, Іван і Надзея Гарбачонкі, Жанна Пундзіс, Сафія Скурат, жаночы калектыў аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць” і самыя юныя ўдзельніцы святочнай праграмы – Дар’я і Ксюша Касцюкевіч. У ролі вядучых выступілі Ірына Хаданёнак і Таццяна Крыўка. Належным чынам побач з месцам правядзення святочнай праграмы быў арганізаваны і выязны гандаль, дзе ўсе жадаючыя маглі набыць салодкія пачастункі і безалкагольныя напіткі.

А ў ААТ “Буеўшчына” свята працы супала з падвядзеннем прамежкавых вынікаў пасяўной кампаніі. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Гернат разам з работнікамі культуры Святланай Атрашкевіч і Аленай Багаткевіч выехалі ў поле ( тэрыторыя ўрочышча Вінніца) і ва ўрачыстай абстаноўцы перадавікам Уладзіміру Падобу і Пятру Ерамееву ўручылі вымпелы, граматы і каштоўныя падарункі. Фінансавую дапамогу аказаў прафкамітэт арганізацыі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.