Главная / Новости / Новости района

У ААТ «Жвіранка» правялі Зажынкі

30.07.2018

Усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да ўборкі зерневых культур. У ААТ “Жвіранка” перад пачаткам уборачнай правялі традыцыйны для Беларусі абрад Зажынкі. Здаўна лічылася, што які будзе зажын, такімі стануць і Дажынкі.

На поле за вёскай Яцкаўшчына да камбайнераў завіталі намеснік дырэктара гаспадаркі Ганна Бездзель, галоўны аграном Анатолій Заляціла, спецыялісты бухгалтэрыі і, канечне ж, самадзейныя артысты — удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Купалінка” Каўшэлеўскага дома фальклора.

Пад меладычныя гукі баяна работнікі культуры заспявалі жніўныя песні. Праз стылізаваную брамку, зробленую з ільняных ручнікоў, правялі пад рукі камбайнераў да хлебнай ніўкі, каб зажаць першыя снапы.

Спецыялісты бухгалтэрыі гаспадаркі давялі да ведама камбайнераў, вадзіцеляў і ўсіх, хто будзе заняты падчас уборачнай кампаніі, разлікі і налічэнне заработнай платы на жніве. Намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Ганна Бездзель пажадала працаўнікам высокіх намалотаў, плённай работы на ўборцы ўраджаю. Пасля слоў віншаванняў, пажаданняў плёну ў няпростай працы і песень камбайнеры завялі сваю магутную тэхніку і, не губляючы часу, рушылі па хлебнай ніве.

Сяргей РАЙЧОНАК