• Река Дисна в ШарковщинеРека Дисна в Шарковщине
  • МасленицаМасленица
  • БольницаБольница
  • Г.п.ШарковщинаГ.п.Шарковщина
  • ЛебедиЛебеди
  • ШарковщинарайгазШарковщинарайгаз
Главная -  Новости -  Новости района

У мікрараёне ПМК-51 вядзецца добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі

08.06.2018

У мікрараёне ПМК-51 на дваровай тэрыторыі пяці шматпавярховых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай працягваецца добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі, якая, спадзяёмся, падорыць многа радасці ўсім яе маленькім наведвальнікам. А пачалося ўсё з таго, што настаўніца біялогіі Шаркаўшчынскай СШ № 2 Аксана Пачэпка і яе вучні накіравалі заяўку для ўдзелу ў праекце “Добры сусед”, які рэалізуецца з дапамогай асветніцкай установы “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” пры падтрымцы праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Праект “Добры сусед” створаны для таго, каб аказваць дапамогу мясцовым таварыствам у рэалізацыі іх найбольш цікавых і карысных ініцыятыў. У нашым гарадскім пасёлку такое таварыства прадставілі жыхары пяці шматпавярховых дамоў па вуліцы Кастрычніцкай (№ 1, 1а, 3, 3а і 5): менавіта ў гэтых дамах і пражываюць дзеці, якія з дапамогай Аксаны Паўлаўны Пачэпка накіравалі заяўку для ўдзелу ў праекце. Каб зрабіць дваровую тэрыторыю ля сваіх дамоў яшчэ больш утульнай і прыдатнай для жыцця, было прынята рашэнне спачатку добраўпарадкаваць дзіцячую пляцоўку. Менавіта з такой прапановай выступілі юныя жыхары з вуліцы Кастрычніцкай разам са сваім творчым і ініцыятыўным педагогам. У выніку — ініцыятыва шаркаўшчынскіх дзяцей знайшла падтрымку ў арганізатараў праекта, а самі вучні Шаркаўшчынскай СШ № 2 разам з Аксанай Пачэпка ўвайшлі ў лік пераможцаў і выйгралі грант — невялікую грашовую суму для рэалізацыі сваёй задумы. За выйграныя ў праекце грошы былі закуплены паддоны, фарбы, піламатэрыялы. Абсталяваны дзве дзіцячыя пясочніцы, побач з якімі ў хуткім часе будуць змайстраваны сталы і лаўкі. Работнікі ДЭУ № 35, філіяла РУП “Віцебскаўтадар” прагрэйдзіравалі тэрыторыю. А ўсе іншыя віды работ, у тым ліку і афарбоўку альтанкі, турнікоў і гімнастычных трэнажораў, навядзенне парадку на тэрыторыі пляцоўкі, ажыццяўлялі самі жыхары прылеглых дамоў, якія выходзілі на суботнік разам з дзецьмі. Спадзяёмся, што добраўпарадкаваная тэрыторыя двара з прыгожай, яркай дзіцячай пляцоўкай будзе прыкладам для іншых жыхароў раёна. Прыкладам таго, як можна аб’яднацца і за невялікую грашовую суму сваімі сіламі і з дапамогай ЖКГ зрабіць прылегую дваровую тэрыторыю прыгожай і ўтульнай.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.