Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 4 13 48
E-mail: sharkrik@vitebsk.by
Главная / Новости / Новости района

У раённым цэнтры культуры прайшла прэзентацыя зборніка прозы і паэзіі сяброў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Світанак» пад назвай «Малой радзіме нашай»

07.02.2020

У раённым цэнтры культуры адбылася прэзентацыя зборніка паэзіі і прозы ўдзельнікаў народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” пад назвай “Малой радзіме нашай”. Гэты зборнік выдадзены ў лістападзе мінулага года ў выдавецтве “Кнігазбор”. Ідэя стварэння кнігі, а аб’ём яе складае 400 старонак, належала яшчэ Кацярыне Сосна – былому кіраўніку “Світанка”. На жаль, яна не паспела ажыццявіць задуманае, але пачатую ёю справу працягнуў сябра аб’яднання “Світанак” Віктар Лагун.

У зборнік увайшлі вершаваныя і празаічныя творы розных жанраў, напісаныя Людмілай Ардынскай, Надзеяй Вішнявец, Эдвардам Вялічка, Ленай Гугалінскай, Ігарам Дземідовічам, Таццянай Еўдаковай, Міледзіем Кукуцём, Віктарам Лагуном, Уладзімірам Мілянцеем, Алай Міхайлавай, Надзеяй Паляк, Галінай Сікора, Кацярынай Сосна, Ірынай Тарбецкай, Надзеяй Шук, Алёнай Шыпіла, Святланай Клімза.

На імпрэзу, дзе прысутнічалі работнікі культуры, адукацыі, іншых сфер дзейнасці раёна, вучні старэйшых класаў сярэдніх школ гарадскога пасёлка, завіталі і прадстаўнікі мясцовай улады. Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі павіншаваў удзельнікаў народнага аб’яднання з выхадам у свет новага зборніка. Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці Віктару Лагуну за падрыхтоўку кнігі да друку. Усім жа “світанкаўцам” Юрый Анатольевіч пажадаў плённай працы на творчай ніве, пашырэння кола чытачоў іх твораў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома таксама далучылася да слоў віншаванняў і найлепшых пажаданняў, а таксама ўручыла падзяку Віктару Лагуну за асабісты ўклад у выдавецкую дзейнасць і актыўную папулярызацыю творчасці таленавітых землякоў.

Шмат цёплых слоў у адрас “світанкаўцаў” выказаў і наш зямляк, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Праўдзін, які знайшоў час, каб папрысутнічаць на такім знакавым для шаркаўчан мерапрыемстве.

Як выказаўся ў заканчэнні імпрэзы Віктар Лагун, наперадзе ў шаркаўшчынскіх паэтаў і пісьменнікаў шмат задумак. Галоўная з іх — выданне другой часткі зборніка, прысвечанага малой радзіме. Несумненна, што гэта ў “світанкаўцаў” атрымаецца, бо, калі ўпэўненым крокам ісці да пастаўленай мэты, то і вынік працы будзе толькі станоўчы.

Сяргей РАЙЧОНАК.