Главная / Новости / Новости района

У раённым Цэнтры культуры прайшоў Дзень прызыўніка

30.10.2018

У пятніцу, 26 кастрычніка, юнакі, якія хутка стануць у вайсковы строй, а таксама іх бацькі і знаёмыя былі запрошаны ў раённы Цэнтр культуры на традыцыйную ўрачыстасць — Дзень прызыўніка. Мерапрыемства адбылося незадоўга да заключнай фазы асенняй прызыўной кампаніі.

Зусім хутка пачнецца адпраўка ў войска. А служыць хлопцы-шаркаўчане будуць у паветрана-дэсантных, пагранічных, унутраных войсках, артылерыі, войсках супрацьпаветранай абароны. Чацвёра юнакоў адправяцца на праходжанне тэрміновай службы ў сілах спецыяльнага прызначэння. Адзін прызыўнік будзе праходзіць службу ў роце інфармацыйных тэхналогій, нядаўна створанай на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Прызыўнікі ўважліва выслухалі пажаданні на будучую службу. Здароўя, моцы духу, справядлівых камандзіраў, верных армейскіх сяброў пажадалі будучым абаронцам Айчыны намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Інакенцьевіч Ан, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Васілій Савіч Протас і настаяцель царквы “Усіх смуткуючых Радасць” протаіерэй Віктар Валашчук.

Марыя Іванаўна Лагун — маці прызыўніка Андрэя Лагуна адзначыла, што служба з’яўляецца нялёгкай працай і прайсці яе трэба з годнасцю, пераадольваючы любыя складанасці і цяжкасці, каб прынесці карысць і дзяржаве, і сабе.

Ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Аляксандравіч Краснадубскі ва ўрачыстай атмасферы ўручыў кожнаму юнаку павесткі аб прызыве на воінскую службу, а таксама памятныя падарункі ад Шаркаўшчынскага райвыканкама. Не абышлі сваёй ўвагай будучых салдат і прадстаўнікі арганізацый, дзе працавалі некаторыя з прызыўнікоў. Яны таксама ўручылі ім падарункі.

А для таго, каб у армію прызыўнікі адправіліся з добрым настроем, артысты парадавалі іх вясёлымі канцэртнымі нумарамі.

Сяргей РАЙЧОНАК.