Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

У Шаркаўшчыне праходзяць заняткі “Мова нанова” для аматараў беларускага слова

15.06.2018

З пачатку мая ў нашым раёне на базе дзіцячай бібліятэкі гарадскога пасёлка раз на тыдзень праходзяць заняткі (бясплатныя курсы) для аматараў беларускага слова пад назвай “Мова нанова”. Гэтыя заняткі ўпершыню прайшлі ў Мінску ў студзені 2014 года. З часам геаграфія іх правядзення ахапіла шматлікія гарады і раённыя цэнтры краіны. На сённяшні дзень курсы рэгулярна праходзяць у васямнаццаці населеных пунктах Беларусі.

На заняткі прыходзяць усе жадаючыя, хто цікавіцца беларускай мовай, літаратурай, старадаўнімі звычаямі і побытам нашых продкаў. Кожныя заняткі маюць вызначаныя тэмы (мода, медыцына, музыка, танцы, літаратура і г. д.) і некалькі ўмоўных рубрык — слоўнік, граматыка, цікавыя факты, прагляд фотаздымкаў.

— Ідэю правядзення курсаў я пераняў у Мінску, — кажа Ігар Дземідовіч, арганізатар курсаў і іх вядучы. — Сама цікавасць да вывучэння беларускай мовы ў мяне ўзнікла ў той момант, калі пачаў заўважаць, што мае дзеці паступова забываюць родную мову. Гэта і мяне, і маю жонку вельмі насярожыла. Вельмі добра ведаць замежныя мовы, быць усебакова развітай асобай, але лічу, што ні ў якім разе нельга забываць мову і культуру таго народа і краіны, дзе нарадзіўся, вырас і жывеш.

Усе, хто прыходзіць да нас на заняткі, застаюцца задаволеныя. Мерапрыемствы нашы ладзяцца ў інтэрактыўнай форме. Кожны з прысутных з’яўляецца не проста гледачом, але і актыўным удзельнікам заняткаў. Тэму для чарговага пасяджэння мы выбіраем разам, шукаем дадатковы патрэбны матэрыял у інтэрнэце. Акрамя таго шэраг цікавых і захапляльных тэм маецца ў электроннай базе “Мова нанова”, таму з іх выбарам праблем не ўзнікае. На свае заняткі абавязкова запрашаем творчыя калектывы, таленавітых людзей з устаноў культуры нашага раёна, якія спяваюць, іграюць на музычных інструментах, танчаць. Спадзяёмся, што кола ўдзельнікаў нашых заняткаў будзе з кожным часам пашырацца, бо вельмі важна думаць па-беларуску, гаварыць па-беларуску і жыць па-беларуску.

Сяргей РАЙЧОНАК.