Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Віншаванні з юбілеем прымаў Георгій Андрэевіч Латышонак

20.03.2018

Ветэрану працы Георгію Андрэевічу Латышонку 15 сакавіка споўнілася восемдзясят пяць год. Сваё працоўнае жыццё Георгій Андрэевіч цалкам прысвяціў сельскай гаспадарцы Шаркаўшчынскага раёна. Спачатку з’яўляўся брыгадзірам трактарнай, комплекснай брыгад калгаса “Маяк”. У маладога работніка была прага да вучобы, таму ён паступіў на завочнае аддзяленне Лужаснянскага саўгаса-тэхнікума. У хуткім часе Георгію Андрэевічу даручылі весці раслінаводчую галіну гаспадаркі. Да таго ж на грамадскіх пачатках быў ён і кіраўніком партыйнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства. Працягваў навучанне ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля далучэння да “Маяка” суседняй гаспадаркі “Герой працы” стаў працаваць на пасадзе намесніка старшыні аб’яднанага калгаса. Маладыя адукаваныя кадры патрэбны былі сельскагаспадарчай галіне, таму калі кіраўніцтва раёна прапанавала ўзначаліць калгас імя Даватара, Георгій Андрэевіч згадзіўся. Дзесяць год шчыра і сумленна адпрацаваў ён на пасадзе старшыні калгаса. Дбаў пра дабрабыт кожнага работніка, павышэнне якасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Жыццё не стаіць на месцы. Вось і Георгій Андрэевіч неўзабаве быў пераведзены ў Шаркаўшчынскую райсельгастэхніку, дзе адпрацаваў да выхаду на заслужаны адпачынак намеснікам кіраўніка арганізацыі па забеспячэнні.

У дзень юбілею павіншаваць Георгія Андрэевіча завіталі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Венядзіктавіч Казлоўскі і старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава. Прадстаўнікі мясцовай улады ўручылі яму Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта, кветкі, пажадалі юбіляру трываласці духу, моцнага здароўя, бадзёрасці і дабрабыту.

Сяргей РАЙЧОНАК