Адрас райвыканкама: 211921, г.п.Шаркаўшчына, вул.Камсамольская, 15
Тэлефон прыёмнай: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
Галоўная / Актуальная інфармацыя

Інфармацыйны ліст аб выкананні заканадаўства пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў

23.05.2022

Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы нагадвае аб захаванні патрабаванняў заканадаўства пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў

Інфармацыйны ліст аб выкананні заканадаўства пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў

Актыўную дзейнасць ва ўцягванні моладзі ў сацыяльна-эканамічнае жыццё грамадства ажыццяўляюць студэнцкія атрады. Іх работа накіравана на садзейнічанне працэсам працоўнай і сацыяльнай адаптацыі моладзі, яе асобаснага развіцця, набыццё маладымі людзьмі навыкаў прафесійнай, працоўнай і кіраўніцкай дзейнасці, фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму.


З гэтай мэтай штогод установамі адукацыі, Грамадскім аб'яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і яго арганізацыйнымі структурамі, надзеленымі правамі юрыдычнай асобы, іншымі маладзёжнымі грамадскімі аб'яднаннямі (далей - накіроўваючыя арганізацыі) ажыццяўляецца фарміраванне студэнцкіх атрадаў.

У сваю чаргу рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы вызначаюць прымаючыя арганізацыі, аб'екты, віды работ і колькасць працоўных месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў з аплатай працы не ніжэйшай за мінімальную заработную плату па ўзгадненні з прымаючымі арганізацыямі альбо ў адпаведнасці з іх заяўкамі.

Пералікі прымаючых арганізацый, аб'ектаў, відаў работ і колькасць працоўных месцаў для ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў зацвярджаюцца гарадскімі, раённымі выканаўчымі камітэтамі, адміністрацыямі раёнаў г. Мінска штогод да 1 студзеня.

Парадак арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаны Палажэннем аб парадку арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 лютага 2020 г. № 58 (далей - Палажэнне). Акрамя таго, пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў неабходна ўлічваць патрабаванні Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей - ПК), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы» (далей - Закон), іншых нарматыўных прававых актаў.

Так, у абавязковым парадку паміж накіроўваючай і прымаючай арганізацыямі павінен заключацца дагавор, які вызначае ўмовы дзейнасці студэнцкага атрада з улікам патрабаванняў заканадаўства аб працы, у тым ліку аб ахове працы, а таксама абавязацельствы прымаючай арганізацыі па забеспячэнню ўмоў размяшчэння, харчавання, аплаты працы ўдзельнікаў студэнцкага атрада (пункт 8 Палажэння).


Падбор відаў работ для студэнцкіх атрадаў, у склад якіх уваходзяць студэнты, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, па магчымасці ажыццяўляецца з улікам профілю іх падрыхтоўкі.

У адпаведнасці з заканадаўствам абавязкі па забеспячэнню аховы працы пры выкананні работ студэнцкім атрадам ўскладзены як на накіроўваючы, так і на прымаючы бок.

Паводле інструкцыі аб парадку арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2012 г. № 60, накіроўваючая арганізацыя павінна забяспечыць навучанне ўдзельнікаў студэнцкага атрада асновам заканадаўства аб працы, у тым ліку заканадаўства аб ахове працы, а таксама правядзенне інструктажаў па маючай адбыцца дзейнасці.

Прымаючая арганізацыя абавязана забяспечыць для студэнцкага атрада адпаведныя дагавору аб'екты і віды работ і стварыць на кожным працоўным месцы здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, заключыць з удзельнікамі студэнцкіх атрадаў адпаведныя працоўныя або грамадзянска-прававыя дагаворы, праводзіць навучанне, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы.

Акрамя таго, на прымаючую арганізацыю ўскладзены абавязак па забеспячэнні ўдзельнікаў студэнцкага атрада сродкамі індывідуальнай абароны ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку забеспячэння работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2008 г. № 209 (далей - інструкцыя № 209).

Таксама інфармуем, што праваадносіны, якія вынікаюць з грамадзянска-прававых дагавораў, рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей - ГК) і Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2005 г. № 314 «Аб некаторых мерах па абароне правоў грамадзян, якія выконваюць працу па грамадзянска-прававых і працоўных дагаворах».

Па агульным правіле, у адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 20 ГК грамадзянская дзеяздольнасць асобы (здольнасць грамадзяніна сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх) у поўным аб'ёме ўзнікае з надыходам паўналецця, гэта значыць па дасягненні асобай 18-гадовага ўзросту. Менавіта з гэтага ўзросту магчыма заключэнне дагавора падраду з фізічнай асобай без якіх-небудзь абмежаванняў пры ўмове, што яна не з'яўляецца недзеяздольнай.

Для непаўналетніх ва ўзросце ад чатырнаццаці да васемнаццаці гадоў, пры заключэнні грамадзянска-прававога дагавора (здзяйсненні здзелкі), неабходна атрыманне пісьмовай згоды сваіх законных прадстаўнікоў - абодвух бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеляў (пункт 1 артыкула 25 ГК).

Даведачна. Здзелкамі прызнаюцца дзеянні грамадзян і юрыдычных асоб, накіраваныя на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Здзелкі могуць быць двух- або шматбаковымі (дагаворы) і аднабаковымі (артыкул 154, пункт 1 артыкула 155 ГК).

Здзелка ж, здзейсненая непаўналетнім, не дасягнуўшым чатырнаццаці гадоў (малалетнім), нікчэмная. Да такой здзелкi прымяняюцца правілы, прадугледжаныя часткай другой і трэцяй пункта 1 артыкула 172 ГК (пункт 1 артыкула 173 ГК).

У адпаведнасці з артыкулам 6 ПК абавязацельствы, якія ўзнікаюць на падставе дагавораў, прадугледжаных грамадзянскім заканадаўствам, не трапляюць пад дзеянне ПК.

Такім чынам, нормы заканадаўства аб працы, у тым ліку ўстаноўлены парадак прыёму работнікаў на працу, правы і абавязкі работнікаў і наймальнікаў, дзяржаўныя гарантыі па аплаце працы работнікаў, гарантыі і кампенсацыі, рэжым працы і адпачынку, працоўныя

сацыяльныя водпускі, дысцыплінарная і матэрыяльная адказнасць работнікаў, на грамадзянска-прававыя адносіны не распаўсюджваюцца.

Зыходзячы з выкладзенага, з мэтай забеспячэння абароны правоў працаўладкоўваемых асоб, якія не дасягнулі васемнаццацігадовага ўзросту, у тым ліку ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, пры прыёме на працу мэтазгодна заключаць з кожным з іх працоўны дагавор.

Даведачна. У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкулаў 18, 19 ПК працоўны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і павінен змяшчаць абавязковыя ўмовы і звесткі.

Адной з умоў залічэння ў студэнцкі атрад з'яўляецца адсутнасць ва ўдзельніка студэнцкага атрада медыцынскіх супрацьпаказанняў да выканання ажыццяўляемых атрадам відаў дзейнасці.

Інфармацыйны ліст аб выкананні заканадаўства пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў

Таксама, у мэтах прыняцця работадаўцамі неабходных мер па забеспячэнні захавання жыцця, здароўя і працаздольнасці непаўналетніх неабходна ўлічваць абмежаванні, устаноўленыя для іх заканадаўствам, у прыватнасці нормы артыкулаў 114, 117, 274, 275, 276 ПК, артыкула 16 Закона, пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2010 г. № 144 «Аб устанаўленні пераліку лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад чатырнаццаці да шаснаццаці гадоў», пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 27 чэрвеня 2013 г. № 67 «Аб устанаўленні спісу работ, на якіх забараняецца прымяненне працы асоб, маладзейшых за васемнаццаць гадоў», пастановы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 2010 г. № 134 «Аб устанаўленні лімітавых норм уздыму і перамяшчэння непаўналетнімі цяжараў уручную».

У 2021 годзе пры правядзенні абследаванняў аб'ектаў, на якіх была арганізавана праца ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, былі выяўлены наступныя парушэнні.


У ААТ «Іванскі-Агра», ААТ «Праземле-Агра» Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці на ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў не заводзіліся працоўныя кніжкі. У працоўных дагаворах, заключаных ААТ «Баранавіцкае баваўнянае прадпрыемства» Брэсцкай вобласці са студэнтамі студэнцкага педагагічнага атрада «Знічка», не ўказваліся дні выплаты заработнай платы. Не вяліся табелі ўліку працоўнага часу непаўналетніх у КСУП «Арэвічы», ААТ «Вялецін-Агра», КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава» Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. Таксама выяўлены парушэнні пры афармленні працоўных дагавораў у ДУА «Вілейскі раённы аздараўленчы лагер «Казка» Вілейскага раёна Мінскай вобласці, ААТ «Світанак» г. Жодзіна.

Не праведзены абавязковыя папярэднія пры паступленні на працу медыцынскія агляды работнікаў студэнцкіх атрадаў у КСУП «Саўгас «Зара» Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці. У КСУП «Вавёрка-Агра» Лідскага раёна Гродзенскай вобласці медыцынскія даведкі мелі скончаны тэрмін дзеяння, і праведзены медагляд не адпавядаў віду работ, да якіх прыцягваліся ўдзельнікі студэнцкага атрада.


Мелі месца выпадкі парушэння працадаўцамі патрабаванняў Інструкцыі аб парадку навучання, стажыроўкі , інструктажу і праверкі ведаў працуючых па пытаннях аховы працы, зацверджанай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь 28 лістапада 2008 г. № 175.

Так, у ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» удзельнікі студэнцкага атрада дапускаліся да выканання работы без навучання па пытаннях аховы працы. Не праводзіліся навучанне, інструктаж, стажыроўка і праверка ведаў па пытаннях аховы працы ў КСУП «Зара і К» Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. У ВДЛГУ «Глыбоцкі доследны лясгас» Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 41» г. Смаргонь членам студэнцкага атрада не праводзіўся першасны інструктаж на працоўным месцы. Ва УГСПК «Путрышкі» Гродзенскага раёна ажыццяўляўся допуск да выканання работ без праходжання членамі студэнцкага атрада стажыроўкі.

Устаноўлены факты допуску членаў студэнцкіх атрадаў да выканання работ без сродкаў індывідуальнай абароны ў ААТ «Кастрычнік-Бярозкі» Хоцімскага раёна, ААТ «Раднянскі» Клімавіцкага раёна, КСУП «Язерскі» Чэрыкаўскага раёна, КСУП «Маляцічы-Агра» Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, КРСУП «Эксперыментальная база «Баруны» Ашмянскага раёна, філіяле «Жодзішкі» УВП «Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 19» г. Ліда, КСУП «Трабы» Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, ДЛГУ «Петрыкаўскі лясгас» Петрыкаўскага раёна, КСУП «Ударны» Лельчыцкага раёна, КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава» Хойніцкага раёна, ПМК-76 ААТ «Гомельскі аб'яднаны будаўнічы трэст» Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, ААТ «Агра-Пелішча» Камянецкага раёна, ДУСП «Маларыцкая ПМК-20» Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці, ДЛГУ «Расонскі лясгас» Расонскага раёна, ААТ «Верхнядзвінскі льнозавод», ДЛГУ «Верхнядзвінскі лясгас» Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, ЗАТ «Атлант», УП «Рэмаўтадар Ленінскага раёна г. Мінска», ААТ «Заслаўльбудіндустрыя» Мінскага раёна, УА «Негарэльскі вучэбна-вопытны лясгас» Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Выяўлены парушэнні, звязаныя з прымяненнем членамі студэнцкіх атрадаў няспраўнай аснасткі і інструмента ў ДУП «ПМК-201» Любанскага раёна, ААТ «Крупскі льнозавод» Крупскага раёна, Мінскай вобласці, СААТ «Камунарка» г.Мінск.

Прыведзеныя прыклады сведчаць аб неналежным выкананні асобнымі службовымі асобамі сваіх абавязкаў, прадугледжаных заканадаўствам, пры рэгуляванні працы моладзі ў студэнцкіх атрадах.

Улічваючы выкладзенае, у мэтах захавання працоўных правоў удзельнікаў студэнцкіх атрадаў, а таксама папярэджання няшчасных выпадкаў пры выкананні імі работ, рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму, ГА «БРСМ» прапануецца:

Давесці дадзены ліст да кіраўнікоў арганізацый, якія накіроўваюць і прымаюць удзельнікаў студэнцкіх атрадаў.

Запатрабаваць ад вышэйназваных кіраўнікоў забяспечыць выкананне патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь пры арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.

Памятка па працаўладкаванні моладзі

Памятка праца непаўналетніх