Меню
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
21.01.2026
Ініцыятыва, сталасць і шчырая цікавасць да лёсу роднага краю – такія якасці прадэманстравалі вучні 10 класа ДУА "СШ №1 г.п. Шаркаўшчына", якія сталі ініцыятарамі сустрэчы з кіраўніцтвам раёна. Іх зварот у раённы камітэт ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" не застаўся без увагі: для дзяцей была арганізавана экскурсія па кабінетах ключавых кіраўнікоў раёна.
Першым сустрэў школьнікаў старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Кашмiла. У нефармальнай, але змястоўнай размове кіраўнік раёна не толькі распавёў аб сваім жыццёвым шляху, але і падрабязна спыніўся на пытаннях добраўпарадкавання, інфраструктурнага развіцця і будучых планах па паляпшэнні якасці жыцця ў гарадскім пасёлку.
Пытанняў у хлопцаў было нямала, і кожны з іх атрымаў разгорнуты і сумленны адказ.
Наступным этапам экскурсіі стаў кабінет старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Арэшкава. Кіраўнік дэпутацкага корпуса падрабязна патлумачыў, чым займаюцца дэпутаты, якія задачы стаяць перад прадстаўнічым органам улады, і чаму ўдзел грамадзян у прыняцці рашэнняў — аснова дэмакратыі.
Сустрэча прадоўжылася ў кабінеце намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Васілеўскага. Ён падзяліўся з хлопцамі, як будуецца яго працоўны дзень, якія прыярытэты стаяць перад раённай адміністрацыяй і як прымаюцца кіраўнічыя рашэнні. Асабліва школьнікаў зацікавіла тэма планавання — як ператварыць ідэі ў канкрэтныя праекты, якія рэалізуюцца на карысць жыхароў.
Такія сустрэчы – не проста знак павагі да маладога пакалення, а важны крок у выхаванні адказных грамадзян. Навучэнцы паказалі, што яны не толькі назіраюць за тым, што адбываецца, але і гатовыя ўдзельнічаць у жыцці раёна – ужо сёння, як актыўныя, думаючыя і неабыякавыя людзі.