Меню
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
29.01.2026
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат па Пастаўскай выбарчай акрузе №29, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Пятровіч Сергяенка правёў асабісты прыём грамадзян і юрыдычных асоб у Шаркаўшчынскім раённым выканаўчым камітэце.
У абмеркаванні пытанняў, якія хвалююць жыхароў рэгіёна, таксама прыняў удзел старшыня райвыканкама Сяргей Кашміла. Спачатку старшыня праўлення Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Сяргей Шуркала праінфармаваў аб існуючых пытаннях у рабоце спажыўкааперацыі. Сумесна з кіраўніцтвам раёна абмеркавалі дзейнасць аб'ектаў спажыўкааперацыі, у тым ліку Полацкай універсальнай базы і кафэ "Сустрэча".
Жыхары шматкватэрнага жылога дома звярнуліся па дапамогу ў вырашэнні пытання правядзення капітальнага рамонту - пры наяўнасці фінансавання пачнуцца рамонтныя работы. Прадстаўнікі аграгарадка Радзюкі прасілі паспрыяць вырашэнню іх пытання з пераходам на электраацяпленне жылля. У населеным пункце адсутнічае тэхнічная магчымасць для абсталявання іх дамоў электрычнымі сеткамі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння, пры гэтым можна падлучыцца да газавага ацяплення. Жыхарка вёскі Каралёва паскардзілася на нездавальняючы стан дарогі і адсутнасць вулічнага асвятлення. Пасля абмеркавання пытання з прадстаўнікамі мясцовай улады, Ігар Сергяенка паведаміў заяўніцы, што пытанні будуць вырашаны станоўча ў бліжэйшы час.
Пенсіянерка з вёскі Століца прапанавала заняцца добраўпарадкаваннем могілак. Жанчына распавяла, што разам з суседзямі гатовая падключыцца да рэалізацыі гэтага працэсу, у тым ліку фінансава. Ігар Сергяенка заклікаў падтрымаць дадзеную ініцыятыву: на месцы пахавання будзе ўстаноўлена агароджа і выдаленыя пні ад спілаваных дрэў. У жыхаркі аграгарадка Лужкі адсутнічаюць дакументы для прызначэння льготнай пенсіі – пытанне ўзятае на кантроль. Мужчыне з Браслаўскага раёна, які мае праблемы са здароўем, рэкамендавана паўторна звярнуцца ў медустанову для праходжання адпаведнай камісіі. Механізатар з аграгарадка Германавічы выказаў пажаданне аб арганізацыі руху аўтобуса па маршруце Шаркаўшчына – Паставы, бо яго сын вучыцца ў Пастаўскім каледжы. Дарэчы, на сённяшні дзень 12 чалавек з Шаркаўшчынскага раёна навучаюцца ў гэтай навучальнай установе. Заяўніку паведамілі, што існуюць два варыянты развязання ягонай праблемы – транспартныя зносіны будуць наладжаныя. Жыхарка аграгарадка Радзюкі звярнулася з просьбай аказаць дапамогу ў медыцынскім абследаванні дачкі. Ігар Сергяенка сказаў, што вывучаць пытанне аб яе накіраванні ў Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі.
Важна, што па кожным са зваротаў былі дадзены вычарпальныя тлумачэнні і кансультацыі. Работа са зваротамі грамадзян застаецца важным напрамкам дзейнасці дэпутацкага корпуса і мясцовых органаў улады.
Аляксандр Барыла