Меню
Старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта
Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00
31.12.2025
Сёння вечарам мы збяромся за святочным сталом, каб праводзіць адыходзячы год і сустрэць Новы 2026-ы. Якім выдаўся бягучы год, што зроблена для паляпшэння дабрабыту жыхароў раёна? Пра гэта распавёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Кашміла.
- Сяргей Генадзевіч, давайце падвядзем вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
- У адыходзячым годзе забяспечана выкананне заданняў урада па росце заработнай платы і інвестыцый, даходах бюджэту і зніжэнні выдаткаў. Атрыманы прырост рознічнага тавараабароту, будаўніча-мантажных і падрадных работ. Хочацца адзначыць, што па выніках года будуць выкананы ўсе чатыры мэтавыя паказчыкi эфектыўнасці работы — заработная плата, прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал, паступленне даходаў у бюджэт, зніжэнне ўзроўню выдаткаў.
Важна, што раён працуе з чыстым прыбыткам, павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Дарэчы, прыбытковая работа забяспечана па ўсіх відах эканамічнай дзейнасці. На сённяшні дзень адсутнічае пратэрмінаваная запазычанасць па выплаце заработнай платы, штомесяц вырабляецца стоадсоткавая аплата за спажытыя энергарэсурсы.
Разам з тым, пакуль не ўдалося цалкам знівеліраваць дапушчанае з-за ўвядзення санкцый адставанне і адаптаваць работу ўсіх арганізацый да новых эканамічных умоў па экспарце тавараў і паслуг. З-за неспрыяльных умоў надвор'я не дасягнулі ўзроўню мінулага года па вытворчасці прамысловай прадукцыі і прадукцыі сельскай гаспадаркі, не забяспечылі рэнтабельную работу ў галіне сельскай гаспадаркі і раёна ў цэлым.
- Якія вынікі работы аграрыяў?
- Сельская гаспадарка сёння застаецца стратэгічным напрамкам развіцця раёна. Адыходзячы год быў складаным і напружаным для хлебаробаў. Але, нягледзячы на ўсе выклікі прыроды, мы змаглі дамагчыся нядрэнных вынікаў: валавы збор збожжавых культур склаў 29 тысяч тон, што на 57,2 працэнта вышэй за леташні ўзровень. Ураджайнасць збожжавых склала 21,8 цэнтнера (у мінулым годзе была 15,1 цэнтнера). Значна вырас і ўраджай рапсу: намалочана 3156 тон, што ў 1,5 раза больш, чым летась. Выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі вышэй за ўзровень мінулага года на 11,9 працэнта. Станоўчы фінансавы вынік дасягнуты па вытворчасці малака - рэнтабельнасць продажаў складае 17 працэнтаў.
Працягваецца работа па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі галіны. Машынна-трактарны парк сельскагаспадарчых арганізацый папоўніўся новай тэхнікай: набыты 4 збожжаўборачныя і 1 кормаўборачны камбайны, 2 трактары Беларус-3522, 2 пагрузчыкі "Амкадор", 4 абаротныя плугі, сеялка, раскідвальнік мінеральных угнаенняў, 3 культыватары.
Вядзецца работа па мадэрнізацыі жывёлагадоўчых аб'ектаў. У ААТ "Даватарскі" і "Жвіранка" адрамантаваныя і перапрафіляваныя 3 прафілакторыі для цялят-малочнікаў. У 2026 годзе пачнецца ўзвядзенне новай малочнатаварнай фермы з даільнай залай у ААТ "Княж", запланавана будаўніцтва сянажных траншэй.
- Сяргей Генадзевіч, як трансфармуецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва?
- У адыходзячым годзе пачалі работу 8 аб'ектаў рознічнага гандлю. Дарэчы, усе яны адкрыты ў рамках замяшчэння магазінаў спажывецкай кааперацыі. На сённяшні дзень у раёне засталося 2 крамы райпо ў аграгарадках Радзюкі і Дворнава, а таксама кафэ "Сустрэча" ў райцэнтры. Нядаўна адкрыла дзверы для наведвальнікаў кафэ "Вясёлка смаку", дзе можна набыць выпечку ўласнай вытворчасці.
Работа ў гэтым напрамку будзе працягнута. Прыватнымі суб'ектамі раёна вядзецца замяшчэнне аб'ектаў спажывецкай кааперацыі ў вёсках Каўшэлева, Сасноўцы і Шыці, а ў аграгарадку Радзюкі плануецца адкрыць краму ТАА "Еўрагандаль".
- У Шаркаўшчынскім раёне развіваецца малы і сярэдні бізнес. Раскажыце пра гэта падрабязней.
- Апошнім часам узрастае ўклад малога і сярэдняга бізнесу (а гэта каля 30% ад агульнай колькасці занятых) у эканоміку раёна. Прадпрымальнікі сёлета забяспечылі амаль 60 працэнтаў падатковых паступленняў у бюджэт раёна. Цяпер адбываецца актыўны пераход індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы - ствараюцца новыя працоўныя месцы. На працягу года пачалі дзейнасць 8 новых малых арганізацый у якіх працаўладкаваны больш за 20 чалавек. У рамках праграмы "Адзін раён — адзін праект" адкрыта прадпрыемства па вытворчасці сокаў і нектараў. Прапрацоўваецца пытанне па стварэнні яшчэ адной швейнай вытворчасці — рэалізацыя праекта дазволіць працаўладкаваць 10 чалавек.
— Заканчваецца Год добраўпарадкавання. Якія яго вынікі?
- У 2025 годзе значная ўвага надавалася будаўніцтву сацыяльных аб'ектаў і жылля, развіццю інфраструктуры. Жыхары райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў прынялі ўдзел у двух рэспубліканскіх і двух раённых суботніках, штотыдзень па пятніцах у рамках санітарнага дня займаліся добраўпарадкаваннем і наводзілі парадак на зямлі. Пасля капітальнага рамонту ўведзены ў эксплуатацыю мост па вуліцы Савецкай. Упрыгожваннем райцэнтра стаў новы будынак пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 РАНС. Завяршаецца будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома па вул. Рабочая, д. 4, у 2027 годзе плануецца ўзвядзенне яшчэ аднаго з такой жа колькасцю кватэр.
На працягу года адрамантаваны 23,4 кіламетра дарог, у тым ліку заасфальтаваныя 12,3 км. У райцэнтры праведзена замена цеплавых сетак на папярэдне ізаляваныя трубы па вуліцах Будаўнікоў і Пушкіна, на кацельні ў аграгарадку Більдзюгі заменена сеткавая помпа. Выкананы капітальны рамонт жылых дамоў па вул. Маладзёжная, 23 і зав. Даватара, 8. Бягучы рамонт праведзены ў 14 жылых дамах. Сумеснымі намаганнямі жыхароў і работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі адрамантаваны 10 пад'ездаў. Уладкаваны і адрамантаваны спартыўныя і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі на прыдамавых тэрыторыях каля шматкватэрных дамоў па вул. Энгельса, Скарыны, Ціміразева. Таксама зроблена многае ў плане азелянення прыдамавых тэрыторый, прыдарожных палос - высаджана больш за 800 дрэў і больш за 100 кустоў. У рамках навядзення парадку на зямлі знесена 34 пустуючыя дамы, уладкаваны 5 кантэйнерных пляцовак. Працягваецца газіфікацыя - работы вядуцца ў аграгарадку Наваселле, на вуліцах Красная Горка і Будзёнага ў райцэнтры.
З мэтай развіцця тэлекамунікацыйнай сеткі раёна пераключана больш за 600 абанентаў на оптавалакновую тэхналогію GPON у прыватным сектары ў Шаркаўшчыне, Лужках, Гарадцы, Станіслававе. Паэтапна вядзецца рэканструкцыя электрычных сетак жыллёвага фонду грамадзян - выкананы работы ў Верацеях, Лужках, на вуліцах 17 верасня, Набярэжнай, Паўднёвай у райцэнтры. Для паляпшэння вулічнага асвятлення праведзена замена 140 свяцілень на святлодыёдныя.
Работы па добраўпарадкаванні працягваюцца. Пастаянна набываюцца малыя архітэктурныя формы. Устаноўлена ўязная стэла на мяжы Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў. Радуюць вока жыхароў і гасцей райцэнтра шматлікія арыгінальныя дэкарацыі і ілюмінацыя да навагодніх святаў, у тым ліку новая ёлка.
- Сяргей Генадзевіч, у раёне многае робіцца для развіцця сацыяльнай сферы. Раскажыце пра гэта падрабязней.
- У сферы медыцыны ў адыходзячым годзе праведзены бягучы рамонт усіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў і амбулаторый урача агульнай практыкі, бальніцы сястрынскага догляду, аддзяленняў стацыянара і паліклінічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. Набыты спецыяльны аўтамабіль "МАЗ-Купава" і перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт для аказання меддапамогі сельскаму насельніцтву.
Радуюць дасягненні нашых педагогаў і навучэнцаў школ, таму мы займаемся паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Скончаны работы па рэканструкцыі будынка дзіцячага сада № 3, заменена падлога ў спартыўнай зале і абноўлена фае ў Більдзюжскай СШ, адрамантаваны сістэма ацяплення ў Германавіцкай СШ і вадаправод у Лужкоўскай СШ, заменена пакрыццё падлогі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, агароджаная па перыметры сярэдняя школа № 2 г.п. Шаркаўшчына імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына. Таксама набылі аўтамабіль для СПЦ і мікрааўтобус на 19 месцаў для ДЮСШ.
- Сяргей Генадзевіч, дзякуй за змястоўнае інтэрв'ю. Што б вы пажадалі жыхарам раёна напярэдадні Новага года?
- Дарагія сябры! Нам яшчэ вельмі многае трэба будзе зрабіць у надыходзячым годзе. Будучыня нашай роднай зямлі залежыць ад кожнага з нас. Веру, што з вашай падтрымкай мы даможамся выканання ўсіх намечаных мэт на карысць Шаркаўшчынскага раёна.
Аляксандр Барыла.