Адрас райвыканкама: 211921, г.п.Шаркаўшчына, вул.Камсамольская, 15
Тэлефон прыёмнай: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У райвыканкаме адбылася нарада, на якой разгледзелі асноўныя накірункі ідэалагічнай работы сельгасарганізацый раёна

07.04.2021

Немалаважным фактарам паспяховага правядзення вясенне-палявых работ з’яўляецца іх ідэалагічнае забеспячэнне. Гэта пытанне і стала асноўным на нарадзе з намеснікамі кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна па ідэалагічнай рабоце, якая прайшла ў мінулы аўторак у малой зале райвыканкама.

Адкрыў семінар-нараду намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі. У прыватнасці, Юрый Анатольевіч падкрэсліў, што ў аграрыяў пачаўся адзін з самых адказных перыядаў – вясенняя пасяўная кампанія. Ад таго, як хутка і якасна пройдзе сяўба яравых культур, залежыць харчовая бяспека ўсёй краіны і нашага раёна ў прыватнасці.

Пра выкананне заканадаўства аб зберажэнні ўласнасці, прафілактыкі крадзяжоў сельгаспрадпрыемствамі на падведамных тэрыторыях паведаміў намеснік начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Іван Балай. Менавіта на правядзенні прафілактычных мер па зберажэнні матэрыяльных каштоўнасцей і была акцэнтавана ўвага прадстаўніка РАУС.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома падкрэсліла важнасць аператыўнай і зладжанай работы ўсіх дзяржаўных структур, кіраўнікоў і працаўнікоў гаспадарак падчас пасяўной.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Хашкоўская звярнула ўвагу ідэалагічных работнікаў на выкананне дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.Арганізацыя работы з абавязанымі асобамі, якая ў гаспадарках раёна ўскладзена на намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, патрабуе большай мэтанакіраванасці, зладжанасці і эфектыўнасці. У гэтым упэўнена намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Фёдарава.

Немалаважным фактарам паспяховага правядзення пасяўной кампаніі з’яўляецца захаванне санітарных патрабаванняў як у механічных майстэрнях, так і ў сталовых сельгаспрадпрыемстваў, пры развозе харчавання на палеткі для працуючых механізатараў і іншых работнікаў гаспадарак. Пра гэта расказала ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валянціна Седзюкевіч. У сваю чаргу, Юрый Васілеўскі патрабаваў ад спецыялістаў дадзенай установы аховы здароўя як мага часцей бываць на аб’ектах сельгаспрадпрыемстваў, каб валодаць дакладнай інфармацыяй пра парушэнні санітарных норм, правяраць наяўнасць сродкаў асабістай гігіены, наяўнасць сродкаў аховы ў работнікаў, якія працуюць з ядахімікатамі і пратручаным насеннем зерневых культур.

Падчас семінара-нарады былі разгледжаны і іншыя пытанні. У прыватнасці, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тэрэса Міштоўт расказала пра падтрыманне ў належным стане месцаў пахавання воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, пра арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, Дню Перамогі і Дню вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ірына Міхалёнак, якая з нядаўняга часу ўзначальвае раённы савет ветэранаў, акцэнтавала ўвагу работнікаў ідэалогіі на тым, каб у пярвічных ветэранскіх арганізацыях іх кіраўнікі звярталі пільную ўвагу на жыццёвыя праблемы і пытанні, з якімі да іх звяртаюцца ветэраны працы, пенсіянеры. Вельмі важна, каб тыя, хто ўсю працоўную частку свайго жыцця аддаў дзеля дабрабыту сельгаспрадпрыемстваў, адчувалі рэальную псіхалагічную і матэрыяльную падтрымку з боку кіраўніцтва гаспадарак.

У завяршэнні пасяджэння семінара-нарады ва ўрачыстай атмасферы Юрый Анатольевіч ўручыў дыпломы раённага выканаўчага камітэта за першае месца ў аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах раёна па выніках 2020 года адкрытаму акцыянернаму таварыству “Княж” і за другое месца ў гэтым конкурсе — ДУА “СШ № 2 г.п.Шаркаўшчына”. Дыпломы атрымалі намеснік кіраўніка ААТ “Княж” Таццяна Бохан і намеснік дырэктара СШ № 2 Іна Забела.

Падвёў вынікі семінара-нарады і акрэсліў планы ў рабоце на бліжэйшы перыяд намеснік кіраўніка раёна Юрый Васілеўскі.

Сяргей РАЙЧОНАК.