Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

12 лістапада дэлегацыя Шаркаўшчынскага раёна прыняла ўдзел у абласных “Дажынках-2022”


14.11.2022

Сярод дэлегацый, якія прыехалі з усёй вобласці на святочнае мерапрыемства, былі і шаркаўчане на чале з кіраўніком раёна Дзмітрыем Ламака.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Міхайлавіч Субоцін уручыў сельскім працаўнікам заслужаныя ўзнагароды. Ганаровыя граматы, Падзякі, дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі тыя, хто дасягнуў лепшых вынікаў на ўборцы зерневых, рапсу і нарыхтоўцы кармоў: кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, камбайнеры, вадзіцелі, трактарысты і многія іншыя.

Заслужаныя ўзнагароды атрымаў і вадзіцель Яўгеній Рагачэўскі з ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Перадавіку сельгасвытворчасці ўручылі Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Ён таксама атрымаў Ганаровую грамату Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву і сертыфікат на санаторна-курортнае лячэнне ў санаторыі “Лётцы”.

У абласных “Дажынках” прынялі ўдзел і работнікі культуры нашага раёна — пераможцы абласнога конкурсу жорнаў. Таццяна Лаздоўская, Надзея Вайцюль, Аляксандр Бука пад музычны акампанемент Таццяны Райкевіч прадэманстравалі гасцям свята, як у даўніну нашы продкі малолі на муку вырашчанае зерне, пяклі з яго хлеб.

“Дажынкі—2022” гучнымі музычнымі акордамі ўрачыста развіталіся з хлебаробамі Віцебшчыны, якія дастойна завяршылі сельскагаспадарчы год. Эстафета абласнога свята перададзена нашаму Шаркаўшчынскаму раёну, які сустрэне аграрыяў паўночнага рэгіёна краіны ў наступным годзе.

Сяргей РАЙЧОНАК.