Адрес райисполкома: 211921, г.п.Шарковщина, ул.Комсомольская, 15
Телефон приемной: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
  
Главная / Новости / Новости района

Шаркаўшчынскаму раёну — 81 год!

15.01.2021

15 студзеня з’яўляецца адметнай гістарычнай датай для нашага раёна — спаўняецца 81 год з дня яго ўтварэння. Заснаваны перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, наш рэгіён зведаў шмат пераўтварэнняў і змен. Цяжкім выпрабаваннем стала жудаснае ваеннае ліхалецце, трагічнае рэха якога нібы набатам шмат год гучала незагойнай ранай у душах і сэрцах нашых землякоў. На перыяд стварэння раёна ў ім пражывала 38 тысяч 368 чалавек. На землях былых памешчыкаў былі створаны два калгасы. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да восені 1944 года аднавілі сваю работу калгасы імя Сталіна і “1-е Мая”.

У пачатку 1950 года ў раёне налічвалася ажно 100 калгасаў і адзін саўгас. Праз наступныя тры гады гаспадаркі ўзбуйніліся — іх агульная колькасць склала 32. У сярэдзіне 1950-х гадоў працавалі раённая бальніца, 3 урачэбныя ўчасткі, 9 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Развівалася мясцовая прамысловасць. Сваю прадукцыю выпрацоўвалі райпрамкамбінат, раймаслапрам, арцель “Чырвоны сцяг” і іншыя прадпрыемствы. Налічвалася 6 сярэдніх, 21 сямігадовая і 43 пачатковыя школы.

17 красавіка 1962 года Шаркаўшчынскі раён быў скасаваны, але адноўлены ў 1966 годзе. На гэты час тут існавалі 27 калгасаў і 4 саўгасы, маслазавод, камбінат бытавога абслугоўвання, прамкамбінат, агародніна-сушыльны завод, райсельгастэхніка.

Мы, шаркаўчане, ганарымся, што на нашай зямлі нарадзіліся і звязалі свой лёс з прыдзісненскім краем такія знакамітыя людзі як заснавальнік Свята-Успенскай царквы, свяшчэннамучанік Канстанцін Жданаў, дзяржаўны дзеяч Ізраіля Эліэзер Бэн-Іегуда, этнограф і мастак Язэп Драздовіч, садавод-селекцыянер Іван Сікора, народны артыст СССР Генадзь Цітовіч, народны артыст Беларусі Павел Дубашынскі, паэты і пісьменнікі Герман Кірылаў, Міхась Машара, Віктар Праўдзін, мастак Пётр Касцюкевіч, гісторык Мікола Ермаловіч, фалькларыст Арсень Ліс. Пра дабрабыт нашага краю і яго жыхароў у розныя гады клапаціліся першыя сакратары райкама Кампартыі і старшыні райвыканкама: Цімафей Пятровіч Шарыпаў, Вячаслаў Сямёнавіч Русак, Анатолій Георгіевіч Шманцар, Віктар Андрэевіч Бядрыцкі, Мікалай Андрэевіч Таратута, Анатолій Ермалаевіч Хрусцель, Іван Іванавіч Цярэшка, Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі, Леанід Віктаравіч Клакоўскі, Мечыслаў Віктаравіч Морхат, Мікалай Ірынархавіч Баговіч. Цяпер наш раён узначальвае Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. Шаркаўчане заўсёды шчыра працавалі і цяпер працуюць на карысць беларускай дзяржаўнасці, працягваючы лепшыя традыцыі старэйшых пакаленняў па захаванні і прымнажэнні іх заваяванняў, забяспечваюць сацыяльна-эканамічнае развіццё Шаркаўшчынскага раёна. 2018, 2019 і 2020 гады ў Беларусі прайшлі пад знакам Года малой радзімы. Гэты перыяд прынёс шмат станоўчых змен — папрыгажэў наш гарадскі пасёлак, а таксама аграгарадкі і вёскі Шаркаўшчынскага раёна. Разам давялося прыкласці шмат намаганняў, каб добраўпарадкаваць населеныя пункты. І гэта ўсё мы рабілі для сябе, для нашых гасцей, для таго, каб малая радзіма стала прыгажэйшай і ўтульнай.

…Імкліва бяжыць час, гартаючы старонкі гісторыі шаркаўшчынскага краю, якія пішуць сваёй самаадданай працай нашы землякі.

Сяргей РАЙЧОНАК.