Заробак «у канверце»
Не сакрэт, што мае месца, калі працадаўца, асабліва ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці, плаціць заработную плату з дзвюх частак. Большая частка заработнай платы - неафіцыйная («у канверце»), якую працадаўца выплачвае работніку, але не афармляе дакументальна, і меншая - афіцыйная, з якой выплачваюцца ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (далей - Фонд).
Такім чынам, працадаўца спрабуе знізіць выдаткі на аплату працы, падаткі з фізічнай асобы і адлічэнні ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь (далей - бюджэт фонду). Аднак падобная эканомія часам прыводзіць да таго, што з суб'ектаў гаспадарання пасля спаганяюцца як сумы неданалічаных і недаплачаных падаткаў і адлічэнняў, так і пеня за несвоечасовасць іх выплаты.
Гэта сур'ёзная праблема не толькі для эканомікі краіны, але і для кожнага грамадзяніна, які атрымлівае падобныя «барышы». Выплата заработнай платы «ў канверце» з'яўляецца парушэннем правоў грамадзян на дапамогу, пенсіі і іншыя сацыяльныя гарантыі.
Яшчэ горш, калі заработная плата поўнасцю выплачваецца «ў канверце» і абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду не выплачваюцца наогул. Далёка не кожны жыхар нашай краіны, згаджаючыся на ценявыя грошы, бачыць адваротны бок медаля. Бо пры афармленні пенсіі ў работнікаў узнікнуць складанасці:
- па-першае, не будуць улічаны ў стаж працы тыя перыяды працоўнай дзейнасці, на працягу якіх не праводзілася выплата страхавых узносаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні;
- па-другое, пры вылічэнні памеру пенсіі будуць улічаны толькі тыя сумы заробку, з якіх выплачаны абавязковыя страхавыя ўзносы. І, тэарэтычна, у работніка застанецца толькі права ў судовым парадку спагнаць шкоду з нядобрасумленнага працадаўцы.
Выплачаная неафіцыйна заработная плата адаб'ецца і на памеры сацыяльных выплат у выпадку ўзнікнення праблем са здароўем. Работнік не атрымае аплату бальнічнага ліста па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, альбо атрымае толькі з разліку афіцыйнай фактычнай заработнай платы.
Такім чынам, атрыманне зарплаты «ў канверце» ўплывае адмоўна не толькі на даход бюджэту фонду са сродкаў якога выплачваюцца пенсіі і дапамогі, але і ў першую чаргу на самога працуючага грамадзяніна.
Будучыня кожнага работніка, перш за ўсё, у яго ўласных руках! І яму вырашаць, атрымліваць афіцыйны заробак з утрыманнем падаходнага падатку з фізічнай асобы і абавязковых страхавых узносаў у бюджэт фонду або згаджацца з прапанаванай працадаўцам умовай атрымання заработнай платы «ў канверце» і заставацца сацыяльна неабароненым, пазбаўляючы сябе права атрымліваць сацыяльныя выплаты і годную пенсію на ўсё жыццё.
Такім чынам, у дакументальным афармленні працоўных адносін павінен быць зацікаўлены перш за ўсё сам грамадзянін.
Грамадзянін, які згаджаецца на працу без заключэння з ім працоўнай дамовы і, адпаведна, на атрыманне заработнай платы без адлюстравання яе ў бухгалтарскім уліку працадаўцы, павінен памятаць, што рызыкуе не атрымаць заработную плату за адпрацаваны час, кампенсацыю за нявыкарыстаны водпуск, у любы час працадаўца можа адмовіцца ад работніка, і ў будучыні такая праца не будзе залічана ў стаж працы пры прызначэнні пенсіі.
Падводзячы вынік, адзначым, што працуючы на наймальніка легальна, грамадзянін атрымлівае сацыяльную абароненасць, годную пенсію на заслужаным адпачынку.
Начальнік Шаркаўшчынскага раённага сектара ФСАН Н.Р. Дзюшко