Адзіны дзень інфармавання правёў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч у Шаркаўшчынскім раёне
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Канстанцінавіч Ліневіч сустрэўся з калектывам сельскагаспадарчага прадпрыемства "Гарадзец" у аграгарадку Лужкі ў рамках адзінага дня інфармавання.
Невычэрпная па сэнсах тэма дня "Беларусь – краіна міру і згоды" заклікана чарговы раз падкрэсліць няўхільныя ісціны: мы – суверэнная дзяржава, дзе адной з вышэйшых каштоўнасцяў з'яўляецца мірнае і незалежнае існаванне грамадзян.
У рамках мерапрыемства закранулі тэмы сусветнага палітычнага крызісу, эканамічных і інфармацыйных выклікаў, суперніцтва паміж краінамі. Людзям важна ведаць, што дзяржава заўсёды была і будзе гарантам бяспекі для свайго народа.
У гутарцы Анатоль Ліневіч падзяліўся вопытам свайго працоўнага шляху, практычным парадамі як навесці належны парадак у любой гаспадарцы, зрабіўшы з яе паспяховы праект. Гаварылі аб эканамічных паказчыках, сацыяльных гарантыях, дысцыпліне, як аснове любой справы, павелічэнні надояў малака ад каровы, а таксама бытавых пажаданнях работнікаў. Хвалюе мясцовых жыхароў будаўніцтва вадаправода, газіфікацыя пасёлка. З боку кіраўніка галіны, старшыні райвыканкама людзям будзе аказана дапамога, падтрымка і ўдзел па ўсіх агучаных пытаннях.
За плённую, добрасумленную працу, дасягненні высокіх паказчыкаў у рабоце падзякамі міністэрства былі адзначаны лепшыя працаўнікі сельгаспрадпрыемства.