Человек года Витебщины-2014
Номинация “Культура, искусство, духовное возрождение”
|
Крук Виктор Федорович – учитель в сфере культуры государственного учреждения образования «Шарковщинская детская школа искусств» |
Віктар Фёдаравіч Крук усё сваё жыццё прысвяціў мастацтву
Ціхі зімовы вечар… Па свежаму бялюткаму снегу крочаць дадому пасля працоўнага дня жыхары райцэнтра, у мітусні перабягаючы дарожныя скрыжаванні, спешна паглядаючы на гадзіннік. У людскім натоўпе заўважаю чалавека, які павольным поступам ідзе па гарадскім тратуары, задумліва ўглядаецца ў твары прахожых, раз-пораз перакідвае свой позірк на пакрытыя серабрыстым інеем гмахі дамоў і галінкі дрэў, нібы шукаючы чарговую тэму для сваёй наступнай мастацкай работы. Такім звычайным для сябе маршрутам на працягу дваццаці трох гадоў крочыць з дому на працу Віктар Фёдаравіч Крук — настаўнік Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Класны пакой мастака размяшчаецца ў адным з памяшканняў раённага Цэнтра рамёстваў. Дзеці — яго вучні — пасля школьных урокаў спяшаюцца вечарам у мастацкія майстэрні да свайго любімага настаўніка, зручна ўстанаўліваць мальберт, бяруць у рукі фарбы і пэндзалем выводзяць на аркушы паперы малюнкі. — Віктар Фёдаравіч, — пытаемся мы ў мастака, — а самі вы якім чынам сталі жывапісцам, што гэтаму спрыяла? — Ведаеце, мой тата Фёдар Сцяпанавіч быў адмысловым цесляром і столярам, яго вырабы славіліся на ўвесь Глускі раён Магілёўскай вобласці, дзе я нарадзіўся, — адказвае наш суразмоўца. — Маці Ганна Пятроўна мела шляхецкае паходжанне, складала вершы, пісала маленькія апавяданні, імкнулася нам, сваім дзецям, перадаць любоў да прыгажосці. А першы графічны партрэт, наколькі памятаю, я намаляваў у чатырохгадовым узросце. Затым пачаў дасылаць уласныя малюнкі ў рэдакцыі дзіцячых газет і часопісаў. У сем гадоў паспрабаваў пісаць фарбамі, паступова вувучаць тэхніку малюнка і жывапісу. У школе я быў адказным за афармленне сценгазет, прымаў удзел у раённых выставах юных мастакоў. — Далей была вучоба ў Віцебскім педінстытуце? — Сапраўды. У 1967 годзе я паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава. Мне вельмі пашчасціла вучыцца там у знакамітых жывапісцаў Фелікса Гумена, Івана Сталярова, Альберта Някрасава, Алега Арлова, Леаніда Дзягілева. Вышэйшую навучальную ўстанову скончыў з адзнакай. Паступіла прапанова ад кіраўніцтва факультэта застацца працаваць ў інстытуце на кафедры жывапісу. Але я тады абраў іншы шлях — паехаў працаваць настаўнікам на родную Магілёўшчыну. — Віктар Фёдаравіч, наколькі нам вядома, у 1974 годзе вы пераехалі жыць і працаваць у Шаркаўшчыну. Як прызвычаіліся да новых мясцін і тутэйшых жыхароў? — Сюды я трапіў дзякуючы жонцы Ларысе Васільеўне, якая родам з Шаркаўшчыны. Месца працы мне было прапанавана ў цяперашняй сярэдняй школе № 1, дзе выкладаў чарчэнне і маляванне. У другой палове 1980-х гадоў перайшоў працаваць на пасаду мастака-афарміцеля ў раённы Дом культуры. А з 1992 года і па цяперашні час нязменна працую настаўнікам Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. А што да мясцовых жыхароў, то людзі тут з адкрытай і шчырай душой. Спагада і дабрыня некаторых з іх дапамагаюць у складаных жыццёвых сітуацыях. Прыемна пачуць у свой адрас словы ўдзячнасці ад бацькоў вучняў, якія прыходзілі і зараз наведваюць ў школе мастацтваў заняткі па жывапісе, якім я, наколькі магу, прывіваю любоў да светлага, чыстага і прыгожага. Наогул, Шаркаўшчыну я лічу сваёй другой радзімай, бо пражыў у гарпасёлку больш за сорак год. Тут маляўнічая прырода, на тэрыторыі раёна ёсць мноства архітэктурных пабудоў, старажытных сядзібна-паркавых комплексаў і шмат чаго іншага, што можа зацікавіць мастака з пункта погляду напісання ім твораў мастацтва. — У якіх жанрах вы любіце працаваць як прафесіянал? — Я працую ва ўсіх жанрах жывапісу і графікі, але перавагу аддаю партрэту і пейзажу. У сваіх работах стараюся перадаць непаўторную індывідуальнасць мадэлі, адлюстраваць не толькі знешняе падабенства, але і характар чалавека, яго эмацыянальны стан. Прытрымліваюся такой думкі, што вобразы ў творах павінны быць псіхалагічна выразныя, інтэлектуальна напоўненыя. — Мастак, як і прадстаўнік любой іншай прафесіі, павінен увесь час удасканальваць сваё майстэрства шляхам зносін са сваімі калегамі, аднадумцамі, заўсёды быць у курсе пэўных змяненняў у галіне творчасці. Вы згодны са мной? — Канечне ж. Напрыклад, у выставах я ўдзельнічаю з 1974 года, а сваю першую персанальную выставу арганізаваў у 1977 годзе. З той пары нават не памятаю дакладна, колькі іх было праведзена. Сярод больш значных мерапрыемстваў падобнага плану трэба адзначыць міжнародныя і рэспубліканскія мастацкія пленэры, прысвечаныя Іллі Рэпіну, Сяргею Жукоўскаму, Івану Хруцкаму, Напалеону Ордзе, Уладзіміру Караткевічу, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну. — Кажуць, праца педагога тады прыносіць плён, калі вучні пераўзыходзяць свайго настаўніка. Ці ёсць сярод выпускнікоў мастацкага аддзялення школы тыя, хто звязаў сваю прафесію з жывапісам? — Мне ёсць кім ганарыцца. Гэта Яўген Ліпскі, Артур Маяк, Таццяна Курачонак, Таццяна Протас, Аляксандр Падольскі, Святлана Дземідовіч, Ганна Яблонская, Анастасія Лаўнікава, Алеся Тарнацкая, Юрый Матуль. Яны і многія іншыя выпускнікі сталі знакамітымі мастакамі, дызайнерамі і мадэльерамі ў нашай краіне і за яе межамі. — На мінулым тыдні вы прымалі ўдзел у цырымоніі ўзнагароджвання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014” і былі адзначаны ў намінацыі “Культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне”. Якое пачуццё асабіста для вас выклікала такая значная падзея? — Па-першае, для мяне гэта стала прыемнай нечаканасцю. Па-другое, сама цырымонія пакінула масу станоўчых уражанняў і цёплых успамінаў. Па-трэцяе, лічу вялікім гонарам, што мая праца ў справе эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення адзначана такой вялікай узнагародай сярод шматлікіх дасягненняў заслужаных і паважаных людзей Віцебшчыны. — Яшчэ раз віншуем вас, Віктар Фёдаравіч, жадаем моцнага здароўя, плённай працы і таленавітых вучняў! Вялікі дзякуй за размову!
Гутарку вёў Сяргей РАЙЧОНАК.
Номинация “Местное управление и самоуправление”
|
Котович Виктор Викторович – председатель Иодского сельского Совета депутатов |
У аснове работы лаўрэата звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Віктара Катовіча – ўвага да людзей
Такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца старшыня Іёдскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Віктаравіч Катовіч. Для гэтага чалавека, які нязменна працуе на дадзенай пасадзе амаль трыццаць год, першачарговымі задачамі ў рабоце з’яўляюцца вырашэнні шматлікіх пытанняў дастойнага жыццезабеспячэння мясцовага насельніцтва. У 43 населеных пунктах сельсавета, тры з якіх — аграгарадкі Іёды, Буеўшчына, Шыці, пражывае больш 1770 чалавек. Вытворчую дзейнасць ажыццяўляюць тры сельгспрадпрыемствы (“Буеўшчына”, “Юдыцына” і “Даватарскі”), Іёдскае лясніцтва, сем аб’ектаў гандлю рознай формы ўласнасці, функцыянуе 12 устаноў сацыяльнай сферы, два аддзяленні паштовай сувязі. У аснове стабільнай працы вышэйпералічаных прадпрыемстваў і ўстаноў немалаважная заслуга і старшыні сельскага Савета. Віктар Віктаравіч, які мае багаты практычны вопыт у вырашэнні пастаўленых перад сельвыканкамам задач, пастаянна каардынуе і накіроўвае ў патрэбнае рэчышча дзейнасць дэпутацкага корпуса, работу старэйшын вёсак, аказвае ім дзейную дапамогу і падтрымку. У сельскім Савеце вялікая ўвага надаецца пытанням добраўпарадкавання населеных пунктаў, месцаў баявой славы, воінскіх і грамадзянскіх пахаванняў. У мінулым годзе на работы, звязаныя з добраўпарадкаваннем, накіравана звыш 44 мільёнаў рублёў, на рамонт дарог — 40 мільёнаў. Значную падтрымку і дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі аказваюць арганізацыі з нашага райцэнтра, з Наваполацка, якія займаюцца высечкай дрэў, кустоўя, абкосам прылеглай да вытворчых і сацыяльных аб’ектаў тэрыторый, прыдарожных палос. Штогод складаюцца каштарысы на вызначаныя віды работ па лініі службы занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У службовыя абавязкі старшыні сельскага Савета ўваходзіць абавязковае наведванне жыхароў населеных пунктаў з перыядычнасцю не меней, чым адзін раз у месяц. Нягледзячы на тое, што некаторыя складанасці можна вырашыць пры дапамозе звычайнага тэлефоннага званка або проста на пэўны час іх адтэрмінаваць, Віктар Віктаравіч цвёрда ўпэўнены, што толькі асабісты выезд на месца і непасрэдная сустрэча з жыхарамі, няхай і па самай невялікай праблеме, у поўнай меры могуць паўплываць на хутчэйшае і прадметнае вырашэнне таго або іншага пытання. “На гэтым грунтуюцца аўтарытэт кіраўніка любога рангу і павага да яго з боку насельніцтва”, — сцвярджае старшыня сельскага Савета. Віктар Віктаравіч Катовіч — чалавек, пра якіх у народзе кажуць, што яны ад зямлі. Нарадзіўся ў вёсцы Навасельцы Германавіцкага сельсавета, скончыў Пастаўскае СПТВ. Працоўны шлях пачаў у якасці механізатара калгаса “Буравеснік” (зараз ААТ “Княж”). Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым саўгасе-тэхнікуме, узначаліў у родным калгасе агранамічную службу. Перад службай у войску некаторы час працаваў на пасадзе галоўнага агранома калгаса “Шлях Леніна” (зараз ААТ “Васюкі”). А з 1984 па 1986 гады з’яўляўся намеснікам старшыні па кормавытворчасці калгаса “Камінтэрн” (зараз ААТ “Буеўшчына”). Кіраўніцтва раёна бачыла выдатныя арганізатарскія здольнасці маладога і перспектыўнага спецыяліста. Таму не дзіўна, што ў хуткім часе Віктар Віктаравіч Катовіч быў абраны старшынёй Іёдскага сельскага Савета дэпутатаў. За шматгадовую добрасумленную працу ў органах мясцовага кіравання, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай і эканамічнай палітыкі Віктар Віктаравіч Катовіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Віцебскага абласнога і Шаркаўшчынскага раённага Саветаў дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта. Па выніках працы за 2013 год яго імя занесена на Дошку гонару лепшых працаўнікоў Шаркаўшчынскага раёна. Шостага лютага ў абласным цэнтры на цырымоніі ўзнагароджвання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2014” Віктар Віктаравіч Катовіч быў адзначаны гэтай прэстыжнай узнагародай у намінацыі “Мясцовае кіраванне і самакіраванне”. Мы віншуем яго з такой знамянальнай падзеяй у жыцці, жадаем і надалей плённай працы на карысць Шаркаўшчынскага раёна і яго жыхароў!
Сяргей РАЙЧОНАК.