Адрас райвыканкама: 211921, г.п.Шаркаўшчына, вул.Камсамольская, 15
Тэлефон прыёмнай: (8-02154) 6 13 48
E-mail: rik@sharkovshchina.vitebsk-region.gov.by
Галоўная / Рэгіён / Знакамітыя людзі Шаркаўшчыны

Знакамітыя людзі Шаркаўшчыны

Шаркаўшчынскі раён–радзіма і месца працы многіх вядомых у Беларусі і за мяжой краіны людзей. Сярод іх Эліэзер Перэльман (1859-1922 гг.), які шмат зрабіў для адраджэння дзяржаўнай мовы іўрыту. Нарадзіўся Бэн-Іегуда ў студзені 1859г. у мястэчку Лужкі. Сапраўднае імя і прозвішча Бэн-Егуда - Лазар Перэльман.Эліэзер Бэн-Іегуда–псеўданім, які ён узяў сабе значна пазней, калі пераехаў жыць у Палестыну (1881 г). У 1882 г. Бэн-Іегуда ў адной са школ Ерусаліма займаў месца настаўніка і выкладаў на іўрыце. У 1884 г. заснаваў газету «Ацві», якая выдавалася на іўрыце, стварыў камітэт мовы іўрыт і стаў яго старшынёй (1890 г.), працаваў над стварэннем “Поўнага слоўніка старажытнага і сучаснага іўрыту”.


Машара Міхась Антонавіч нарадзіўся ў в. Таболы ў 1902 г. Удзельнік савецка-польскай вайны, нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Пасля вызвалення яе тэрыторыі ў 1939г. працаваў загадчыкам Шаркаўшчынскага РАНА (1939-1940 гг.). Славу паэту і пісьменніку прынеслі творы “З-пад стрэх саламяных”, “Сонца за кратамі”, “Лукішкі”, аўтабіяграфічная аповесць “Крэсы змагацца”.


Кірылаў Герман Іларыёнавіч нарадзіўся ў г. п. Шаркаўшчына ў 1937 г., скончыў Шаркаўшчынскую СШ (1954г.), затым аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у Шаркаўшчынскай раённай газеце, другім і першым сакратаром Шаркаўшчынскага райкама камсамола. З 1976 па 1985гг.працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Віцебскі рабочы» ў г. Полацку. Друкуецца з 1974 г., сюжэты прысвечаны людзям і падзеям роднага раёна.


Касцюкевіч Пётр Пятровіч нарадзіўся ў в.Шыці ў 1926г., мастак, літаратар. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1939г. скончыў Шаркаўшчынскую сямігодку. Вучыўся ў мастацкай студыі малюнка і жывапісу Карэльскага Дома народнай творчасці ў г. Петразаводску, працаваў мастаком у Доме палітпрасветы. Аўтар карцін “Партызанскае юнацтва”, “Партызанскі мост”, “Разгром гарнізона ў Відзах”. Друкаваў вершы ў Карэліі ў рэспубліканскіх газетах і калектыўных зборніках.


Вядомы селекцыянер-садавод Сікора Іван Паўлавіч нарадзіўся 19 верасня 1885 года ў вёсцы Алашкі Малыя Шаркаўшчынскага раёна. Выдатна скончыў Полаўскае пачатковае вучылішча, потым Краснагорскую двухгадовую настаўніцкую школу. Абавязковую ваенную службу Іван Паўлавіч праходзіў у Хабараўскім краі. Там жа ўпершыню пачаў займацца садоўніцтвам. У 1925 годзе Сікора скончыў Кракаўскі двухгадовыя настаўніцкія курсы. Пачаў працаваць настаўнікам у Глыбоцкім раёне, але праз два гады быў звольнены з працы за тое, што быў беларусам. Пасля некалькіх прашэнняў да польскіх уладаў яго прызначылі настаўнікам у вёску Сямёнавічы, але праз год звольнілі з той жа прычыны.

Служыў садоўнікам у графа Пшаздзецкага ў Варапаева. Тут Іван Паўлавіч пачаў весці даследчую працу, заклаў гадавальнік, у якім вырошчваў шматлікія гатункі яблынь. Даследаванні працягваў на сваім ўласным участку ў вёсцы Алашкі.

У 1935 -1939 гг. у выданнях на польскай мове і ў беларускіх выданнях з'яўляюцца артыкулы І.П.Сікоры, у якіх ён вельмі даступна тлумачыў свае прыёмы працы ў садзе, даваў рэкамендацыі па садоўніцтве сялянам. Садавод-самавук высаджваў розныя гатункі вінаграду, парэчкі, агрэста, бэзу і шмат іншых раслін.

З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе Пастановай урада БССР у садзе І.П.Сікоры быў арганізаваны Паўночны апорны пункт навукова-даследчага інстытута бульбаводства, пладаводства і агародніцтва, дзе Іван Паўлавіч стаў загадчыкам. Датай яго адкрыцця лічыцца 15 красавіка 1941 года. На гэтай пасадзе і. П. Сікора працаваў і пасля Вялікай Айчыннай вайны, практычна да канца свайго жыцця. Іван Паўлавіч зрабіў значны ўклад у развіццё садоўніцтва ў Віцебскай вобласці і ў Беларусі. За поспехі ў развіцці айчыннага садаводства ў 1956 годзе Івану Паўлавічу было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны аграном БССР”.Пікам яго селекцыйнай дзейнасці стаў гібрыд № 1377, плады якога садоўнікі вобразна называлі “Яблыкамі 21 стагоддзя”. Пасля смерці Івана Паўлавіча сорт атрымаў назву «Памяць Сікоры».