Меню
Председатель Шарковщинского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
5 августа 2016
Вялікая колькасць жыхароў нашага раёна пры выбары найбольш аптымальнага транспарту аддае перавагу менавіта чыгуначнаму. Бо, на сённяшні дзень, гэта адзін з самых танных і надзейных відаў перавозак, як пасажыраў, так і грузаў. І менавіта ў першую нядзелю жніўня сваё прафесійнае свята —Дзень чыгуначніка — будуць адзначаць работнікі стальных магістраляў.
Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі станоўча ацэньвае дзейнасць калектыву чыгуначнай станцыі Шаркаўшчызна, а начальнік станцыі Віктар Аляксандравіч Лабуць у гэтым годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік беларускай чыгункі”. Зладжаны калектыў, які на працягу многіх гадоў узначальвае Віктар Аляксандравіч, працуе стабільна і забяспечвае выкананне большасці даведзеных заданняў.
Эфектыўную работу чыгуначнікаў на станцыі Шаркаўшчызна забяспечваюць некалькі асобных службаў. Па-першае, гэта аддзел перавозак, які кантралюе бяспеку руху на чыгунцы і забяспечвае дастаўку пасажыраў і грузаў. Варапаеўская дыстанцыя пуці на чале з дарожным майстрам Іванам Часлававічам Васілеўскім адказвае за спраўны стан чыгуначнага палатна. Структурнае падраздзяленне “Віцебскгрузсервіс”, якое ўзначальвае Юрый Віктаравіч Грэцкі, ажыццяўляе арганізацыю пагрузачных работ на станцыі, а Полацкая дыстанцыя сігналізацыі і сувязі адказвае за спраўнасць і надзейнасць апаратуры.
Немагчыма падлічыць, колькі цягнікоў за сваю працоўную дзейнасць сустрэлі і адправілі ў далейшы шлях ветэраны, якія ў розныя гады працавалі на чыгуначнай станцыі Шаркаўшчызна. У іх ліку Міхаіл Рыгоравіч Ліпскі, Тамара Ювінальеўна Кобелева, Галіна Міхайлаўна Максімава, Таццяна Нікіфараўна Болт, Часлаў Часлававіч Трашчынскі і Галіна Казіміраўна Канстанцінава. Усе гэтыя людзі заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці за сваю шматгадовую добрасумленную працу. Шчыра віншую ўсіх сваіх калег-чыгуначнікаў з прафесійным святам і жадаю ім моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах!
З 1933 года, у якім у Шаркаўшчыне з’явілася свая чыгуначная станцыя, прайшло нямала гадоў і, безумоўна, работа чыгуначнікаў за гэты вялікі адрэзак часу вельмі змянілася і стала зусім іншай. Але па-ранейшаму, як і шмат гадоў таму, у наш гарадскі пасёлак працягваюць прыбываць цягнікі. За вокнамі вагонаў мільгаюць твары пасажыраў, міма праплываюць шматлікія лёсы людзей, і з гэтым бясконцым рухам неразрыўна звязана невялікая станцыя Шаркаўшчызна, работнікі якой шчыра жадаюць усім сваім пасажырам “шчаслівай дарогі!”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ