Меню
Председатель Шарковщинского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
26 августа 2014
Шаснаццаты год запар, пачынаючы з 1999 года, на гасціннай алашкаўскай зямлі праходзіць урачыстасць, прымеркаваная да Яблычнага Спасу.Кожны раз мерапрыемства, якое ладзіцца ў музеі і пладовым садзе Івана Паўлавіча Сікоры, вылучаецца нечым адметным.
Шаснаццаты год запар, пачынаючы з 1999 года, на гасціннай алашкаўскай зямлі праходзіць урачыстасць, прымеркаваная да Яблычнага Спасу.Кожны раз мерапрыемства, якое ладзіцца ў музеі і пладовым садзе Івана Паўлавіча Сікоры, вылучаецца нечым адметным. Арганізатары свята ўносяць у яго новыя формы і метады правядзення. Сёлетняя насычаная праграма прыйшлася даспадобы кожнаму, хто 23 жніўня завітаў у Алашкі. Пачалося свята а дзясятай гадзіне з правядзення фіналу раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла-2014”. У 12 гадзін на галоўнай пляцоўцы, побач з музеем, урачыстасць пад назвай “Светлы Яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка” распачалі самадзейныя артысты. Асаблівыя апладысменты гледачоў гучалі для “Алашкаўскіх кірмашоўцаў”, якія, гучна зазываўшы на свята, частавалі сваімі прысмакамі гасцей. Затым з прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. На сёлетні Яблычны Спас у Алашкі былі запрошаны і замежныя госці — выконваючы дырэктар краёвай Думы горада Даўгаўпілс Ванда Кезік і дэпутат краёвай Думы Інара Натарава. З сабою ў якасці падарунка яны прывезлі невялікую яблыньку, каб пасадзіць яе на беларускай зямлі. Штогадовым нязменным атрыбутам фестывалю з’яўляецца ўрачыстае асвячэнне пладоў новага ўраджаю. Сёлета сікораўскія яблыкі пасля прачытанай малітвы, асвяцілі протаіерэй дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі Пётр Бараноўскі і настаяцель храма іконы “Усіх Смуткуючых Радасць” Віктар Валашчук. Кульмінацыяй свята стала адкрыццё для наведвальнікаў сядзібы І. П. Сікоры, уласна пабудаванай садаводам-селекцыянерам у 1924 годзе. Чырвоную стужку перарэзалі на ўваходзе старшыня райвыканкама М. І. Баговіч і дырэктар музея Н. Ф. Перхуровіч. У пакоях размясціліся рэчы хатняга ўжытку і гаспадарчыя прадметы, якімі калісьці карыстаўся Іван Паўлавіч. У час адкрыцця сядзібы краязнаўца Ада Эльеўна Райчонак перадала на захоўванне дырэктару музея шматлікія дакументы, якія належылі вядомаму садаводу. Ада Эльеўна была добра знаёмая з Іванам Сікорам. Побач з сядзібай мясцовая паэтэса Галіна Сікора, удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” і запрошаныя артысты ладзілі літаратурную гасцёўню “Я люблю цябе, зямля!” — спявалі песні, чыталі вершы, спрабавалі і хвалілі спечаныя на калодзе, смачныя радзюкоўскія бліны. Тут жа ўспамінамі пра Івана Паўлавіча Сікору падзяліліся яго ўнукі Пётр і Андрэй. Разам з імі на маленькую радзіму свайго знакамітага продка прыехалі праўнучкі Івана Паўлавіча — Марыя і Дар’я. А прапраўнучка садавода-селекцыянера Валерыя Хамуляк у адным з пакояў музея прэзентавала калекцыю ўласных малюнкаў, прысвечаных прапрадзеду і тэме. Працягам свята сталі фальклорныя гульні на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. Для тых, хто ў спякотнае надвор’е хрыху стаміўся, — працавалі гандлёвыя рады райспажыўтаварыства, дзе пакупнікам прапаноўваўся шырокі выбар харчовых тавараў, прахаладжальных напояў. І нават кулінарныя вырабы ўяўлялі сабой форму сікораўскіх яблык. Было мноства жадаючых сфатаграфавацца з раставымі лялькамі — Яблыкам і Шарачком. Цікавую задумку па іх вырабе ўдалося ажыццявіць пры фінансавай падтрымцы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры, а таксама УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ”, ААТ “Ельня-Агра”, “Даватарскі” і “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Маленькая дзятва разам з татамі і мамамі гарэзліва завіхалася каля атракцыёнаў, прагульвалася ў засені яблыневага саду, частуючыся яго духмянымі пладамі. Гасцінна запрашалі да сябе прадаўцы мёду. Некаторыя карысталіся магчымасцю пракаціцца на катамаране па сажалцы. Непадалёк, на штучным вадаёме, прадстаўнікі раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў праводзілі спаборніцтвы па рыбалцы. На лінейцы (коннай павозцы) запрашаў праехацца Іосіф Квач, які выконваў ролю святочнага фурмана. Незвычайным прыемным сюрпрызам для жыхароў Алашак і гасцей фестывалю стала магчымасць праплыць па воднай гладзі на вялізнай драўлянай ладдзі. Сваё судна на мясцовае возера даставіў аматар водных падарожжаў з вёскі Васіліны Пастаўскага раёна Сяргей Дзіковіч. Амаль да самага змяркання гучалі музыка і песні ў сікораўскім садзе. Свой талент гледачам дарылі як шаркаўшчынскія артысты, так і госці з Мядзеля. Шыкоўныя вырабы прадставілі на фестывалі народныя майстры з Міёр, Докшыц. Яркія незабыўныя ўспаміны аб праведзеным свяце надоўга застануцца ў памяці жыхароў Алашак і ўсіх, хто прысутнічаў на яблычным фестывалі. Відовішча, якое сёлета прайшло на радзіме Івана Паўлавіча Сікоры, стала магчымым дзякуючы раённым уладам і карпатлівай працы работнікаў устаноў культуры, асабліва супрацоўнікаў мемарыяльнага музея садавода-селекцыянера.
Сяргей РАЙЧОНАК