У святочны дзень 7 студзеня моладзь з вёскі Радзюкі на чале з загадчыцай сельскага дома культуры Ганнай Іванкіў у каларытных касцюмах з каляднай зоркай у руках гуляла па вуліцах вёскі і спявала калядныя песні. Калядоўшчыкаў можна было пачуць здалёк, яны грукалі ў бубен, дзьмулі ў свістулькі і са словамі «Мы са святам вас вітаем, шчасця, радасці жадаем!» сустракалі прахожых. Людзі ў адказ фатаграфавалі незвычайную кампанію на мабільныя тэлефоны, крычалі прывітанні, падпявалі, вадзіцелі сігналілі. Мясцовая моладзь збіраецца ў каляду ўжо некалькі гадоў запар. Калядоўшчыкі мінулых гадоў вучаць песням новых удзельнікаў, некаторыя часткі сцэнарыя перакладаюць на больш сучасны манер, прыдумляюць новыя жарты. Важнай часткай абраду з’яўляецца наведванне жыхароў вёскі. Галоўнае — не папярэджваць гаспадароў зараней, каб усё было нечакана. Асаблівасцю радзюкоўскіх калядоўшчыкоў было тое, што з імі хадзілі аж тры казы. А значыць, каб ажывіць іх трэба было пакласці падарункі не ў адзін, а адразу ў тры кошыкі. Пасля гэтага козы ажывалі, а калядоўшчыкі зычылі гасцінным гаспадарам “шчасця без канца, у кожным куточку па сыночку ды каб у хаце было заўжды, што даюць”. Сваімі ўражаннямі ад наведвання калядоўшчыкаў падзялілася Марына Ананіч, да якой яны завітваюць ужо не першы раз: — Чароўнае атрымалася свята, цудоўныя калядкі. Вельмі добрыя калядоўшчыкі, якія падаравалі святочны настрой. Дзеткі паздзіўляліся, дарослыя пасмяяліся. Вельмі ўсё было пазітыўна, крэатыўна, асабліва спадабаліся тры козачкі. Чакаем іх у госці ў наступныя Каляды.