З 6 на 7 ліпеня шаркаўчане святкавалі Купалле. Традыцыйна жыхары пасёлка збіраюцца ў парку Сельгастэхнікі, каб адпачыць сем’ямі, сустрэцца са сваімі знаёмымі і сябрамі. Нават моцны дождж і навальніца, якія пачаліся а шостай гадзіне вечара, не напужаць шаркаўчан. У парку было шматлюдна, з кожнай хвілінай з’яўляліся новыя наведвальнікі. Для шаркаўчан працаваў гандаль, была магчымасць пачаставацца шашлыкамі, цукровай ватай і іншымі прысмакамі, набыць сувеніры ад раённага Цэнтра рамёстваў. Была падрыхтавана культурна-забаўляльная праграма, з дапамогай якой культработнікі павесялілі гледачоў і далі ім магчымасць самім прыняць удзел у праграме. Падчас свята аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама і раённай арганізацыяй беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў праводзіўся конкурс на лепшага рыбака. Не абышлося без галоўнага атрыбута старажытнага свята — купальскага вогнішча, якое прыгожа і таямніча запылала ў вечаровым змроку.