Меню
Председатель Шарковщинского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
2 марта 2017
Напрыканцы лютага ў дзіцячай бібліятэцы стартаваў першы этап унікальнага духоўна-інтэлектуальнага праекта "Час, які ніколі не скончыцца", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Напрыканцы лютага ў дзіцячай бібліятэцы стартаваў першы этап унікальнага духоўна-інтэлектуальнага праекта "Час, які ніколі не скончыцца", прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У гэты дзень установа стала месцам, у якім вучні 5-6 класаў абедзвюх школ нашага гарадскога пасёлка змаглі пазнаёміцца з асобай найбольш яркага прадстаўніка беларускай культуры эпохі Адраджэння Францыска Скарыны, што ўвайшоў у гісторыю як беларускі вучоны, філосаф, медык (доктар лекарскіх навук), першадрукар і асветнік, заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання, перакладчык бібліі на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы. Майстар-клас з дзецьмі па напісанні літар кірыліцай правёў выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Віктар Фёдаравіч Крук.
У гэты ж дзень юным удзельнікам мерапрыемства былі прадстаўлены рукатворная кніга і асабістая пячатка дзіцячай бібліятэкі – якія з гэтага года стануць пастаяннымі атрыбутамі ўсіх значных падзей, што будуцть праходзіць у дзіцячай бібліятэцы. Як адзначыла ініцыятар правядзення і вядучая духоўна-інтэлектуальнага праекта, бібліятэкар Людміла Аляксандраўна Казіцкая у рукатворную кнігу, створаную ў юбілейны год беларускага кнігадрукавання, будуць змешчаны творчыя работы, сачыненні і ўсё самае цікавае, створанае рукамі юных аўтараў, аматараў кніг. А на ўсіх святах будзе выкарыстоўвацца асабістая пячатка дзіцячай бібліятэкі, на якой адлюстравана вушастая сава – сімвал мудрасці і яснасці думак. Вушастая сава – гэта птушка, якая пражывае і на тэрыторыі нашай мясцовасці. Яе прыгожыя фотаздымкі прадаставіў добра вядомы ў нашым раёне фатограф Валерый Кавалёнак, які, дарэчы, сам яе і сфатаграфаваў. А ўжо па фотаздымку эскіз пячаткі зрабіў Аляксей Краўчанка, супрацоўнік Цэнтра рамёстваў. Яго калега Яўген Ананіч, рэзчык па дрэву, выразаў адбітак на пячатцы. Цяпер мудрая сава, якую дзеці ласкава назвалі "совушкай", стане неад'емным сімвалам Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэкі і ўсіх пазнавальных мерапрыемстваў, якія прывабліваюць ва ўстанову ўсё больш і больш юных чытачоў. Цікавы праект "Час, які ніколі не скончыцца" абавязкова працягнецца. Шчырыя словы ўдзячнасці аўтар праекта Людміла Казіцкая адрасуе людзям, якія дапамаглі ўвасобіць яго ў жыццё, асабліва Валерыю Кавалёнку, Святлане Заіка, Яўгену Ананічу і Аляксею Краўчанка.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ