Меню
Председатель Шарковщинского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
18 ноября 2019
Агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў, якія прадстаўляюць вясельныя абрады, “Вялікая вясельніца” прайшоў на Расоншчыне. На свята запрасілі не толькі фальклорныя калектывы нашай вобласці, але і сяброў з Расіі і Латвіі. Удзел у свяце прынялі і шаркаўчане — аматарскае аб’яднанне “Стараверскія страпухі” Більдзюгскага СДК і калектыў Каўшэлеўскага Дома фальклору. Аматарскае аб’яднанне “Стараверскія страпухі” Більдзюгскага сельскага Дома культуры частавала гасцей стараверскімі стравамі, характэрнымі для сваёй мясцовасці. Усе жадаючыя з ахвотай ласаваліся гульбішнікамі, сканцамі, гулёнамі, драчонамі, закіданікамі. Запівалі смачнай ганіболіўкай. Удзел аматарскага аб’яднання “Стараверскія страпухі” быў адзначаны з боку журы Дыпломам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама “За зберажэнне і папулярызацыю народных традыцый” у намінацыі “Вясельны стол”. Усяго ў аглядзе-конкурсе ўдзельнічалі 20 калектываў з Віцебшчыны. Кожны з іх стараўся прадэманстраваць, як у іх рэгіёне ў даўніну спраўлялі вяселле. Асаблівы каларыт гэтаму святу заўсёды надавалі песні. У кожнай мясцовасці яны былі свае — непаўторныя, аўтэнтычныя, сакральныя. А вось конкурс на лепшае сватанне пад назвай “Без мяне мяне ажанілі” адбыўся сёлета ўпершыню. Менавіта ў гэтым выпрабаванні вызначыўся наш народны фальклорны гурт “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору. У ролі свацці выступіла Надзея Вайцюль, а жаніхом быў Яўгеній Ананіч. Сярод іншых канкурсантаў Надзея Іванаўна, якая прэзентавала элемент абраду “Звязванне чапялы”, характэрны менавіта для шаркаўшчынскай мясцовасці, не пакінула раўнадушнымі членаў журы і заваявала Дыплом першай ступені ўпраўлення культуры аблвыканкама ў намінацыі “Без мяне мяне ажанілі” (абрад “Сватанне”). Нашы калектывы ў чарговы раз дастойна сябе прадставілі, аб чым і сведчаць заваяваныя ўзнагароды. Сяргей РАЙЧОНАК.
Агляд-конкурс аўтэнтычных фальклорных калектываў, якія прадстаўляюць вясельныя абрады, “Вялікая вясельніца” прайшоў на Расоншчыне.