Меню
Председатель Шарковщинского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
25 сентября 2013
У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама з мясцовым насельніцтвам.
У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва адбылася сустрэча інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама з мясцовым насельніцтвам. Тэма сустрэчы — “Меры па барацьбе з афрыканскай чумой свіней на тэрыторыі Віцебскай вобласці”. У склад інфармацыйна-прапагандысцкай групы ўвайшлі старшыня райвыканкама М. І. Баговіч, выконваючая абавязкі галоўнага ветурача раёна Р. Э. Вайцяховіч, галоўны ўрач ЦРБ С. Т. Стома і начальнік РАУС С. М. Арэшкаў. Старшыня Лужкаўскага сельвыканкама Т. М. Краснадубская акрэсліла прысутным тэму сустрэчы, адзначыўшы, што можна задаваць і іншыя пытанні кіраўніку раёна. Адразу слова прадаставілі М. І. Баговічу. Мікалай Ірынархавіч адзначыў, што АЧС — гэта сапраўдная бяда. І жыхарам Лужкаўскага сельсавета давялося сутыкнуцца са шматлікімі абмежаваннямі з-за таго, што побач знаходзіцца свінакомплекс. Нядаўна ў ветсанправілы ўнесены дапаўненні. Адно з іх — забарона ўтрымання свіней на ўласных падворках у радыусе 5 кіламетраў ад свінакомплексаў. Гэта навіна была балюча сустрэта сельскімі жыхарамі. На тэрыторыі Лужкаўскага сельсавета 24 населеныя пункты трапілі ў 5-кіламетровую зону. На сённяшні дзень там поўнасцю знішчана свінапагалоўе. Кіраўнік раёна папрасіў мясцовых жыхароў з разуменнем адносіцца да праблемы.
Р. Э. Вайцяховіч паведаміла, што АЧС выяўлена ў шасці раёнах Віцебскай вобласці. Апошняя ўспышка зафіксавана два тыдні таму назад у Дубровенскім раёне. Рамуальда Эдуардаўна нагадала каранцінныя правілы, адзначыла, што іх павінны выконваць усе без выключэння. Толькі тады можна спадзяваца на тое, што АЧС абміне наш рэгіён. Р. Э. Вайцяховіч агучыла наступнае: на адной з апошніх нарад кіраўніцтва ветэрынарнай службы рэкамендавала да 1 снежня бягучага года поўнасцю знішчыць прыватнае свінапагалоўе. С. М. Арэшкаў нагадаў прысутным, што перавозіць свіней і мясапрадукты забараняецца без адпаведных дакументаў. У парушальнікаў дадзенага патрабавання будуць праблемы з праваахоўнымі органамі. С. Т. Стома расказаў удзельнікам адзінага дня інфармавання аб карысці гавядзіны і мяса птушкі. Станіслаў Тадэвушавіч падзяліўся вопытам “безболезненного” пераходу на вырошчванне буйной рагатай жывёлы і птушкі.
Падчас сустрэчы людзі задавалі шмат пытанняў. М. І. Баговіч уважліва выслухаў кожнае пытанне і абяцаў дапамогу. Кіраўнік раёна на месцы даў канкрэтныя даручэнні Т. М. Краснадубскай і дырэктару КУВСП “Гарадзец” А. А. Маркевічу. Было адзначана, што ўсе пытанні будуць вырашаны станоўча, а мясцовыя жыхары ў далейшым могуць разлічваць на дапамогу мясцовай і раённай уладаў.
Аляксандр БАРЫЛА.