Меню
Председатель Шарковщинского районного исполнительного комитета
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
27 декабря 2013
26 снежня ўпершыню ладзілася навагодняе прадстаўленне “У гасцях у Шарачка”.
26 снежня ўпершыню ладзілася навагодняе прадстаўленне “У гасцях у Шарачка”. Незвычайны дамавік, які стаў прататыпам стваральніка нашага раённага цэнтра, зараз атрымаў сваю пастаянную прапіску і ўласную сядзібу.
Работнікі культуры падрыхтавалі вельмі цікавую навагоднюю дзіцячую праграму. Вучняў, першых наведвальнікаў сядзібы, сустрэў сам Шарачок і яго шматлікія сябры. Яны разам з дзецьмі правялі гульню-падарожжа па зімовых святах народнага календара з пытаннямі і адказамі. Затым каля прыгожай ёлкі маленькія гледачы назіралі захапляльнае прадстаўленне ката Базіліо і лісы Алісы. Гэтыя казачныя персанажы не жадалі прыходу Новага года і не хацелі, каб на свята да дзяцей завітаў Дзед Мароз. І толькі кемлівы Бураціна з дапамогай Снягурачкі і маленькіх гледачоў прыклалі ўсе намаганні і перамаглі дрэнных ката з лісой. Дружна ўзяўшыся за рукі, узрадаваная прыходам Дзеда Мароза, дзятва стала гарэзліва вадзіць карагоды вакол ёлкі, спяваць навагоднія песні. А каб крыху сагрэцца, дамавік Шарачок запрасіў ў сваю казачную сядзібу, дзе пачаставаў гарачай гарбатай і сушкамі. Тут жа, у гасцёўні, для вучняў, пакуль яны ласаваліся прысмакамі, самадзейныя артысты ажыццявілі пастаноўку батлейкі на калядную тэму “Цар Ірад”, правялі латарэю “Шчаслівы нумар”. Шарачок не хацеў адпускаць сваіх маленькіх гасцей, але час прыспешваў і дзеці, сфатаграфаваўшыся з гаспадаром сядзібы, Дзедам Марозам і Снягурачкай, радасныя і вясёлыя адправіліся дадому. Тым часам, на парозе свайго казачнага дома Шарачок сустрэў новых наведвальнікаў, новых гасцей, новых сяброў, бо ў той дзень мноства жадаючых хацелі пабываць у сядзібе дамавіка і ўласна з ім пазнаёміцца. Дарэчы, усе жадаючыя пагасцяваць у Шарачка яшчэ могуць скарыстаць такую магчымасць. Казачны дамавік будзе чакаць сваіх новых сяброў 3 і 4 студзеня. Навагодняе прадстаўленне будзе пачынацца ў 11.00, 14.00 і 17. 00 гадзін.
Сяргей РАЙЧОНАК.