На тэрыторыі Віцебскай вобласці з 1 лютага бягучага года ўводзіцца мясцовы збор за перасячэнне дзяржмяжы ў пунктах пропуску на машыне. Колькі гэта будзе каштаваць і хто вызвалены ад выплаты збору, чытайце на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Увод збору да 1 студзеня 2025 года замацаваны рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад 30 снежня 2022 г. № 358. Стаўка - адна базавая велічыня, якая, нагадаем, з 1 студзеня складае 37 рублёў.
Збор не трэба будзе аплачваць асобным катэгорыям грамадзян. У іх ліку: прадстаўнікі дзяржорганаў Беларусі, якія перасякаюць мяжу па службовых абавязках; замежнікі і асобы без грамадзянства, якія прыбылі ў нашу краіну па запрашэнні дзяржорганаў, дзяржарганізацый, а таксама наведвальнікі Беларусі па бязвізе для наведвання «Славянскага базару». Акрамя таго, ад выплаты вызвалены ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, суправаджаючыя інвалідаў асобы. Таксама аплачваць яго не давядзецца асобам, якія атрымлівалі медыцынскую дапамогу ў беларускіх бальніцах, аздараўляліся ў нашых санаторыях.
Поўны спіс катэгорый грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору, можна прачытаць на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Там жа прыводзіцца спіс неабходных дакументаў, якія для атрымання льготы трэба прад'явіць перасякаючым мяжу.
Прававы акт уступае ў сілу з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам яго афіцыйнага апублікавання.
Нагадаем, што да 1 студзеня бягучага года мясцовы збор за перасячэнне мяжы спаганяўся ў Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях.